Без біцця чарак у Крамлі. У Лукашэнкі з Пуціным не зраслося

Такім чынам, аншлюсу, супраць якога пратэставалабудзе пратэставаць) беларуская апазіцыя, учора ў Сочы не здарылася. Сёння два правадыра, якія рассталіся напярэдадні пасля пяці з паловай гадзін не занадта прадуктыўных перамоваў, кісла павіншавалі адзін аднаго дзяжурнымі тэкстамі з 20-годдзем Саюзнай дзяржавы.

Паўгода таму думалася, што да гэтай даты будзе ўрачыста падпісаны пакет папераў пра «паглыбленне інтэграцыі», ды вось, як бачым, не зраслося..

У адносінах з Масквой «толькі эканомікі» не бывае

Гэта не азначае, аднак, што Лукашэнка адбіўся ад «паглыбленай інтэграцыі». Кіпцюрок беларускай птушачкі ўграз глыбока. Масква не адстане. Большасць дарожных карт, якія накіраваныя на больш поўную рэалізацыю саюзнай дамовы 1999 года, узгодненыя, урадам даручана дапрацаваць астатняе.

Меркаванні
Знак пераносу як вынік дыялогу з пластылінавай лялькай
2019.12.08 10:20

Беларускія начальнікі паўтараюць: ды нічога страшнага, там толькі эканоміка, ніякіх наднацыянальных надбудоваў. Але фішка ў тым, што ў адносінах з былой імперыяй (якая, як аказалася, зусім і не былая) не бывае чыстай эканомікі. Гэта заўсёды і палітыка. Саму дамову 1999 года ў Маскве разглядалі выключна як фігавы лісток дзеля прыстойнай інкарпарацыі «малодшай сястры», якая па нейкім капрызу гісторыі атрымала незалежнасць.

Лукашэнка і Пуцін, 2002 год.
Фота: president.gov.by

Доўгі час Менску ўдавалася сабатаваць нязручныя пункты той дамовы (наднацыянальныя органы, адзіная валюта і інш.), Але ў снежні мінулага года Масква вуснамі прэм’ера Дзмітрыя Мядзведзева выразна дала зразумець: халява скончылася.

Цяпер партнёр пасаджаны на галодны паёк: няма кампенсацыі за падатковы манеўр у расейскай нафтанцы, няма на перспектыву «перамытнення» нафты, якая прыносіла штогод сотні мільёнаў долараў у беларускі бюджэт, няма крэдытаў і шмат чаго іншага, без чаго беларускай эканоміцы, якая капітальна падсела на расейскую іголку, вельмі кепска. Так, няма нават газавага кантракту на наступны год, і не факт, што кошт апынецца камфортным.

Новы раўнд перамоваў Менска і Масквы адбудзецца 20 снежня. Фота Forum/Mikhail Tereshchenko/TASS

Козыры – у Крамля

Такім чынам, усе козыры на руках ва Уладзіміра Пуціна. Беларускаму кіраўніку давядзецца воляй-няволяй працягваць рызыкоўную гульню. Ён – закладнік сітуацыі.

На днях, звяртаючыся да парламентарыяў, Аляксандр Лукашэнка пагардліва выказаўся пра апазіцыю: «Бачыце, яны больш рупяцца за «незалежнасць», чым вы ці я. Што мы там падпішам нейкія такія дакументы, якія не ў інтарэсах Беларусі. Ніхто ніколі не падпіша тыя дакументы, якія нам прынясуць шкоду. Сёння наагул не ідзе ў перамовах з Расеяй гаворка пра палітыку, дыпламатыю і гэтак далей».

Тут звяртае на сябе ўвагу агаворка «сёння». А заўтра? Маскоўскія крыніцы накшталт газеты «Коммерсантъ», радыёстанцыі «Эхо Москвы» не хаваюць, што на розуме ў Крамля менавіта палітычная інтэграцыя.

Шэсце па праспекце Незалежнасці супраць інтэграцыі з Расеяй.
Фота: Ірына Арахоўская, belsat.eu

І справа не ў праблеме-2024 для Пуціна, якую прасцей вырашыць іншымі шляхамі. Маскве важна ў прынцыпе блакаваць магчымасць сыходу Беларусі на Захад. Гэта Лукашэнка нікуды не дзенецца з падводнай лодкі, а хто ведае, у які бок стане глядзець другі ці трэці прэзідэнт сінявокай рэспублікі?

Пры гэтым перамоўная пазіцыя Масквы значна мацнейшая. Яна – гаспадыня рэсурсаў, да зарэзу патрэбных Менску, і над ёй не капае. А вось для Лукашэнкі сітуацыя будзе станавіцца ўсё больш дыскамфортнай. У дадатак да ўсяго – выбары на носе, а ўлагодзіць электарат асабліва няма чым.

З гумовымі ўсмешкамі на публіку

І як бы ні хаяў правадыр «пятую калону», але менавіта нацыянальна свядомая частка грамадства выходзіла на пратэсты яшчэ ў другой палове 1990-х, калі маладому беларускаму прэзідэнту кружыла галаву перспектыва заняць крамлёўскі трон пасля Барыса Ельцына. Таму і падмахваліся так лёгка, з біццём чаркі на шчасце ў Крамлі, інтэграцыйныя паперы, якія цяпер сталі пасткай.

Лукашэнка і Ельцын.
Фота: president.gov.by

Зрэшты, паклаўшы руку на сэрца, трэба прызнаць, што любому кіраўніку Беларусі прыйшлося б (і прыйдзецца) паводзіць сябе з расейскім мядзведзем асцярожна. Рэзкія рухі могуць справакаваць агрэсіўны рэфлекс – перад вачыма ўкраінскі прыклад.

Шэраг палітолагаў лічыць, што пры гэтак спецыфічным суседстве аптымальным варыянтам для Беларусі магла б стаць гэтакая акуратная фінляндызацыя. Так, Фінляндыя пасля Другой сусветнай здолела, ня дражнячы савецкую імперыю, дынамічна развівацца і ўдала інтэгравацца ў еўрапейскія структуры.

Але каб паўтарыць гэты вопыт, Беларусі патрэбна іншая палітычная і эканамічная сістэма. А тая, якую пабудаваў Лукашэнка, рыгідная па сваёй сутнасці, асуджаная на прывязку да Масквы.

Перамовы 7 снежня ў Сочы.
Фота: http://president.gov.by/

У гэтым асаблівы драматызм беларускай сітуацыі. Афіцыйны лідар б’е сябе ў грудзі, што не аддасць суверэнітэту, але спецыфіка рэжыму такая, што дэ-факта ён тармозіць умацаванне незалежнасці, адмаўляючыся ад рэформаў, развіцця нацыянальнай самасвядомасці масаў, грамадзянскай супольнасці. У гэтых працэсах нязменны беларускі прэзідэнт, які зусім не ірвецца на пенсію, бачыць пагрозу любоўна адбудаванай ім сістэме адзінаасобнай улады.

У імкненні спыніць (а яшчэ лепш – павярнуць назад) час, закансерваваць палітычную архаіку два правадыры – Лукашэнка і Пуцін – выглядаюць роднаснымі душамі. Але крамлёўскі ўладар пры гэтым хоча забяспечыць пераможнае шэсце імперыі, а яго закляты саюзнік (хоць таксама не раз скрушаўся пра распад СССР) даўно ўвайшоў у густ валадарання ў асобна ўзятай краіне і не гатовы прамяняць гэтую слодыч ні на якія сінекуры. Так што перацягванне інтэграцыйнай ліны працягнецца – з тымі ж гумовымі ўсмешкамі на публіку.

Аляксандр Класкоўскі, палітычны аглядальнік для belsat.eu/ІР

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў