Без АМАПу і палітвязняў. Польшча выбірае шостага прэзідэнта

Кандыдаты другога туру выбараў у Польшчы – Дуда і Тшаскоўскі. Фота tvp.info

Выбары раскалолі польскае грамадства на тых, хто галасуе за дзейнага прэзідэнта і тых, якія ідуць на выбары супраць яго.

У нядзелю 12 ліпеня адбудзецца другі тур выбараў у Польшчы. Першы прайшоў 28 чэрвеня. Тады перамог дзейны прэзідэнт Анджэй Дуда (з 2015 г.), чалец кіроўнай партыі Права і Справядлівасць (PiS). Атрымаў 43,5 % галасоў, але гэтага не хапіла, каб перайсці на чарговую кадэнцыю. Другое месца заняў Рафал Тшаскоўскі – на прэзідэнта (так называюць кіраўнікоў буйных польскіх гарадоў) Варшавы з апазіцыйнай партыі Грамадзянская Платформа (PO) прагаласавала 30,4 % палякаў.

Шымон Халоўня (Szymon Hołownia) – кандыдат з шоубізнесу, не прайшоў у другі тур. Фота tvp.info

З выбарчай гонкі выпаў беспартыец і зорка тэлебачання Шымон Халоўня (Szymon Hołownia), які заняў трэцяе месца (13,8 %). Яго параўноўвалі з украінскім Зяленскім. Дарэчы з усіх кандыдатаў толькі ён гучна акцэнтаваў на неабходнасці актывізавання ўсходняй замежнай палітыкі Польшчы, узгадваў рэпрэсіі ў Беларусі і казаў, што калі пераможа, яго першы замежны візіт будзе ў Кіеў.

Роберт Бедронь прамаўляе каля амбасады Беларусі ў Варшаве.
Фота: Анастасія Цыбульская / Белсат

Пра Беларусь узгадваў і кандыдат Роберт Бедронь (Robert Biedroń), які на гэтых выбарах прадстаўляў усіх польскіх левых. У чэрвені нават выходзіў пад беларускую амбасаду ў Варшаве, каб падтрымаць палітвязняў. У першым туры атрымаў толькі 2,2 % і вяртаецца ў Еўрапарламент, дзе надалей будзе ўзначальваць «беларускую групу».

Кшыштоф Босак (Krzysztof Bosak) з польскага нацыяналістычнага руху Konfederacja. Фота з сацыяльнай сеткі кандыдата

З вынікам 6,7 % у другі тур не прайшоў і Кшыштоф Босак (Krzysztof Bosak), які прадстаўляе нацыяналістычны рух Konfederacja. Усяго было 11 кандыдатаў, але менавіта выбаршчыкі Халоўні і Босака (разам сабралі больш за 20 % галасоў) могуць вырашыць хто канчаткова пераможа ў другім туры. За іх галасы актыўна змагаюцца Дуда і Тшаскоўскі.

Дзейны прэзідэнт у вялікай палітыцы з’явіўся знянацку, у 2015 годзе. Дагэтуль быў дэпутатам Еўрапарламенту, раней дэпутатам Сейму. У мінулым займаў розныя пасады ў міністэрстве юстыцыі і канцылярыі прэзідэнта Леха Качынскага (загінуў у 2010 годзе пад Смаленскам). Тшаскоўскі ж у часы кіравання PO (2007-2015) працаваў у міністэрстве замежных спраў і быў міністрам адміністрацыі і аблічбоўкі. У 2018 годзе перамог у мясцовых выбарах у сталіцы і стаў прэзідэнтам Варшавы, дзе электаральную большасць мае апазіцыя.

Прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда. Фота – Andrzej Hrechorowicz/KPRP

Пасля перамогаў PiS на парламенцкіх выбарах у 2015 і 2019 гадах мясцовыя аналітыкі і публіцысты казалі, што гэта канец PO і што на польскай палітычнай сцэне мусіць зʼявіцца новая апазіцыйная партыя, новая сіла, новыя твары. Казалі таксама пра канец «двухпартыйнай сістэмы» PO i PiS, якія канкуруюць паміж сабою ад пачатку 2000-х. Новых партыяў і твараў з’явілася вельмі шмат, але вынік Тшаскоўскага паказаў, што большасць «апазіцыйных» палякаў паставіла не на новую, а на «традыцыйную апазіцыю».

Другі тур вельмі падзяліў польскае грамадства. Сацыялагічныя апытанні паказваюць, што розніца паміж кандыдатамі вельмі невялікая і лёс краіны можа вырашыць нават адзін голас. У пятніцу вынікі апытання апублікавала працоўня Kantar (для тэлебачання «Fakty» ТVN i TVN24). Дзейны прэзідэнт атрымлівае 46 %, а ягоны канкурэнт – 47 %. Пакуль 7% палякаў не вызначылася каму аддаць голас. Аднак яшчэ 2 ліпеня, на пытанне (праводзіў SocialChanges для парталу wPolityce.pl), хто пераможа ў другім туры, 47 % палякаў адказала – Дуда, і толькі 41 % – Тшаскоўскі. Тады яшчэ 12 % не мела адказу.

Афіцыйная рэклама сацыяльнай праграмы дапамогі дзецям да 18 гадоў у Польшчы. Ілюстрацыя

У сваёй кампаніі Дуда пераконвае палякаў, што сацыяльныя рэформы, праведзеныя ў апошнія гады, гэта толькі пачатак. Узгадвае 500+ (500 злотых на кожнае дзіця штомесяц да 18 год), 300 злотых для школьнікаў у верасні, а таксама 13-ю пенсію для пенсіянераў і абяцае 14-ю. Тшаскоўскі ж і ягоныя прыхільнікі кажуць пра небяспеку «аднапартыйнай улады», маўляў PiS бетануе палітычную сцэну краіны.

Перамога Дуды для кіроўнай партыі будзе азначаць спакойны і бесканфліктны працяг улады PiS да чарговых парламенцкіх выбараў у 2023 годзе. Чаго не скажаш пра перамогу Тшаскоўскага, якая б сталася сапраўдным землятрусам. Прэзідэнт у Польшчы не выдае дэкрэтаў і не праводзіць псеўдарэферэндумаў, не мае ўплыву на склад ураду ці прэмʼера. Аднак прэзідэнт мае права вета і можа заблакаваць кожную ініцыятыву кіроўнай партыі. Прыняць закон і адкінуць вета прэзідэнта тэарэтычна можна, але для гэтага патрэбна 3/5 галасоў ад агульнай колькасці дэпутатаў Сейму (460). PiS сёння мае 235 месцаў у парламенце, але каб адкінуць вета прэзідэнта патрэбная згода 276 дэпутатаў.

Выбары 2020 у Польшчы пад час пандэміі. Фота tvp.info

Істотна і тое, што прэзідэнт у Польшчы – гэта твар краіны за мяжой, як візітная картка. Нават калі кіраўнік краіны паходзіць з партыі, якая мае большасць у Сейме, часта замежная палітыка прэзідэнта і ўраду адрозніваецца, нярэдка даходзіць да спрэчных момантаў. Але калі прэзідэнт – палітычны праціўнік, а нават «вораг» кіроўнай партыі, гэта можа азначаць таксама і землятрус у замежнай палітыцы краіны. У дачыненнях Расеяй нічога не зменіцца – стасункі будуць стабільна напружаныя. Іншыя ўсходнія суседзі Польшчы (Украіна, Беларусь, Прыбалтыка) амаль не існуюць ва ўнутранай палітычнай павестцы Варшавы, а тым больш у сёлетняй выбарчай кампаніі. Дыскусія адносна замежнай палітыкі калі і зʼяўляецца ў публічнай прасторы, то канцэнтруецца пераважна на ЗША і Еўразвязе. Магчыма, нейкія розніцы ў падыходах да супрацы з тым да Бруселем кандыдаты прадставяць падчас галоўных дэбатаў, якія адбудуцца на наступным тыдні. Менавіта ад іх можа залежыць вынік адных з самых непрадказальных выбараў у гісторыі Польшчы.

Фота: Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Праз месяц «выбіраць» будуць і беларусы – шосты раз першага прэзідэнта. Польшча ж будзе перажываць ужо другую кадэнцыю пятага прэзідэнта, альбо першую шостага.

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў