У Барсэлоне ў ноч на чацвер абвастрыліся сутыкненні паміж паліцыяй і прыхільнікамі незалежнасці Каталунні. Пратэстоўцы выкарыстоўваюць «кактэйлі Молатава», на вуліцах гораду гараць машыны і смеццевыя бакі. Пра гэта паведамляе Бі-Бі-Сі.
Пратэсты па ўсёй Каталунні працягваюцца ўжо трэці дзень. Хвалю незадаволенасці справакавала рашэнне Вярхоўнага суда Іспаніі, які вынес прыгаворы 12 каталонскім палітыкам у сувязі з рэферэндумам аб незалежнасці ў 2017 годзе, які ўлады краіны прызналі незаконным.
Супрацьстаянне абвастрылася пасля затрымання мінулай ноччу 51 дэманстранта. Паліцыянты паведамляюць, што пратэстоўцы выкарыстоўваюць «кактэйлі Молатава». Дэманстранты зноў перагарадзілі цэнтральныя вуліцы гораду барыкадамі і падпалілі некалькі машынаў. Ёсць пацярпелыя, але іх дакладная колькасць пакуль не вядома.
Беспарадкі таксама адбыліся ўвечары ў сераду ў Жыроне, Ллейде, Тарагоне, і іншых гарадах аўтаномнай вобласці.
14 кастрычніка некалькі тысяч пратэстоўцаў прайшлі маршам ад цэнтру гораду да аэрапорту Эль-Прата і заблакавалі яго ў знак пратэсту супраць прысуду лідарам сепаратыстаў. 15 кастрычніка ўвечары пратэсты працягваліся і перараслі ў сутычкі з паліцыяй на цэнтральных вуліцах. Раніцай у сераду каталонская паліцыя абвясціла, што за ноч быў затрыманы 51 удзельнік пратэсту.
Днём у сераду дэманстранты заблакавалі чыгуначныя шляхі і іншы транспарт, а ўвечары збудавалі барыкады. Большасць з пратэстоўцаў – маладыя людзі, паведамляюць карэспандэнты мясцовых СМІ.
VIDEO: October 2019 – the sight and sound of rebellion on the streets of #Barcelona. pic.twitter.com/2cQqF3MS70 #RepublicaCatalana #Llibertatpresospolitics #MarxesPerLaLlibertat #EU #Verhofstadt #Corbyn #ViolencesPolicières #SpainIsAFascistState #indyref2
— Sam Pye (@freddie1999) October 16, 2019
Каталунскія палітыкі, як і раней асуджаныя лідары руху за незалежнасць Каталунні, заклікалі пратэстоўцаў спыніць гвалт.
Выконваючы абавязкі прэм’ер-міністра Іспаніі Пэдра Санчэс заявіў, што ўрад краіны гатова дзейнічаць рашуча.
Нагадаем, 1 кастрычніка 2017 года ў Каталунні прайшоў рэферэндум аб незалежнасці, на якім аддзяленне падтрымала большасць удзельнікаў галасавання. Улады Іспаніі палічылі рэферэндум незаконным: Мадрыд распусціў урад і парламент Каталунні, і абвясціў датэрміновыя рэгіянальныя выбары, якія адбыліся ў снежні 2017 года.
ІІ belsat.eu