Берлін не выключае прыняцця мераў супраць Расеі ў сувязі з хакерскімі атакамі


Канцлер Ангела Мэркель заявіла, што ў Германіі ёсць «сур’ёзныя доказы» датычнасці расейскіх хакераў да кібератакі на бундэстаг у 2015 годзе. Пра гэта паведамляе DW.

Ангела Мэркель паведаміла, што ў афіцыйнага Берліна ёсць «сурʼёзныя доказы» датычнасці хакераў з Расеі да кібератакі на нямецкі парламент у 2015 годзе. Тады былі выкрадзены некалькі гігабайтаў дадзеных, у тым ліку вялікая колькасць электронных лістоў з дэпутацкага бюро канцлера. Нямецкія спецслужбы прыйшлі да высновы, што да выкрадання перапіскі могуць быць датычныя хакеры, звязаныя з Галоўным упраўленнем Генштаба Узброеных сілаў Расеі (былым ГРУ).

Паводле Мэркель, Германія пакідае за сабой права прыняць «меры, у тым ліку ў дачыненні Расеі», у адказ на падобныя «абуральныя» дзеянні. Канцлер адзначыла, што расейскі бок выкарыстоўвае стратэгію «гібрыднай вайны», часткай якой зʼяўляецца «дэзарыентацыя» і «скажэнне фактаў». Гэта неабходна «прымаць пад увагу», дадала Мэркель. Яна паабяцала, што і далей будзе імкнуцца захаваць добрыя стасункі з Расеяй, таму лічыць неабходным працягваць дыпламатычныя намаганні.

Аднак, падкрэсліла канцлер, падобныя інцыдэнты перашкаджаюць давернай супрацы. У сувязі з гэтым яна згадала меры, прынятыя нямецкім бокам пасля рэзананснага забойства былога чачэнскага палявога камандзіра Зелімхана Хангашвілі германскай сталіцы. Тады Берлін крытыкаваў Маскву з нагоды недастатковай супрацы ў расследаванні на фоне шматлікіх сведчанняў таго, што забойства было выканана па замове расейскіх ці чачэнскіх уладаў.

Hавiны
Журналісты знайшлі след ФСБ у рэзанансным забойстве чачэнскага камандзіра ў Берліне
2020.02.17 21:11

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў