Берасцейскіх незалежных журналістаў зноў аштрафавалі – вялікія грошы спагналі з трэцяй спробы


Цяпер Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава мусяць заплаціць за супрацу з «Белсатам» 1275 рублёў кожны.

Рашэнне аштрафаваць журналістаў агулам на 100 базавых велічыняў прыняў старшыня суду Берасцейскага раёну Сяргей Маручак 18 красавіка. Журналісты ўжо традыцыйна не бяруць удзел у судовых паседжаннях, бо лічаць гэта бессэнсоўным.

Ляўчука і Харытонаву абвінавацілі ў парушэнні закону аб СМІ паводле артыкулу 22.9 КаАП РБ.

Журналісты атрымалі вялікі штраф за тое, што расказалі пра праблемы жыхароў вёскі Вялюнь. Пратаколы на Ляўчука і Харытонаву склаў участковы РАЎСу Берасцейскага раёну Сяргей Максімовіч.

Аб’ектыў
«Мы як адшчапенцы, нікому не патрэбныя». Дарога ў Вялюнь разбітая, а аўтобус ходзіць толькі па выходных
2019.02.21 21:01

– Замест таго, каб даслаць мне позву, Максімовіч два тыдні прыходзіў да мяне да дому і казаў, што хоча проста паразмаўляць, распытваў у сваякоў, дзе я ночу. Пазней мы размаўлялі па тэлефоне і дамовіліся, што ён афіцыйна дашле мне позву, але міліцыянт не выканаў свайго абяцання, а арганізаваў засаду ў маім двары ў святочны дзень 25 сакавіка, – кажа «Белсату» Мілана Харытонава.

Hавiны
Міліцыя зладзіла засаду на журналістаў «Белсату»
2019.03.25 21:19

Але ў складзеным пратаколе Максімовіч нарабіў памылак і суддзя Маручак быў вымушаны адправіць справу на дапрацоўку. Справу перадалі маёру Андрэю Грыгаруку, але і ён не змог выканаць сваю місію без памылак, і таксама склаў пратакол з парушэннямі.

– Грыгарук патэлефанаваў мне і сказаў, што хоча мяне бачыць, я папрасіў рабіць усе па законе, але ў выніку позвы так не дачакаўся. Новы пратакол на мяне і Мілану Харытонаву складалі без нашага ўдзелу. Мы бачым, што ўзровень супрацоўнікаў міліцыі настолькі нізкі, што яны нават пратакол не могуць скласці без памылак, яны нават не думаюць прытрымлівацца літары закону, – кажа «Белсату» Алесь Ляўчук.

З трэцяй спробы ўсё ж атрымалася дапрацаваць пратакол і даць журналістам вялікія штрафы. Цікава, што Сяргей Маручак не першы раз выносіць абсурдныя выракі. Напрыклад, берасцейке Юліі Нічапарук ён прызначыў штраф за злепленага снегавіка.

Таксама на мінулым тыдні Ляўчук і Харытонава даведаліся, што абласны суд не задаволіў скаргу журналістаў на рашэнне суду Маскоўскага раёну Берасця і пакінуў без зменаў вялікі штраф 120 базавых велічыняў альбо 3060 рублёў.

Летась Ляўчука і Харытонаву судзілі шэсць разоў. За першыя месяцы 2019-га – ужо пяць.

ХВ belsat.eu

Стужка навінаў