Берасцейскі суддзя, які судзіў актывістаў і журналістаў, сам трапіў за краты


Бліжэйшыя два гады былі суддзя Ленінскага раёну Берасця Алег Міранюк правядзе ў калоніі. Такое рашэнне ў сярэдзіне чэрвеня вынес Вярхоўны суд Беларусі.

Паводле інфармацыі belsat.eu, Алега Міранюка затрымалі сёлета ўзімку супрацоўнікі КДБ. Цяпер стала вядома, што Міранюк за «вынясенне заведама неправасуднага рашэння» атрымаў два гады калоніі. Акрамя таго, яму забаранілі цягам 5 гадоў займаць пасады ў праваахоўных органах і судах.

Таксама асудзілі жонку цяпер ужо былога суддзі. Яе прызналі вінаватай у падбухторванні да дачы хабару ў буйным памеры, замаху на махлярства і дапамозе ў вынясенні заведама неправасуднае рашэння. Паводле сукупнасці злачынстваў ёй далі 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму з канфіскацыяй усёй маёмасці. Ніводзін дзяржаўны орган не раскрывае дэталі справы і не дае каментароў.

Апошнім часам Міранюк спецыялізаваўся ў гэтак званых палітычных справах. У 2015 годзе ён вынес максімальнае пакаранне за «незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі» (частка 2 артыкулу 22.9 Кодэксу адміністратыўных парушэнняў) журналісту «Белсату» Алесю Леўчуку – 50 базавых. Пры гэтым у суда і міліцыі не было ніводнага доказу, што журналіст размясціў на сайце тэлеканалу інтэрв’ю з футбалістам Раманам Васілюком. Больш за тое, суду Ляўчук падаў неабходныя доказы таго, што размову з капітанам футбольнага берасцейскага клубу «Дынама» ён рабіў для інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, якое мае акрэдытацыю ў Беларусі.

Пік актыўнасці Міранюка прыйшоўся на 2017 год. 10 сакавіка ён прысудзіў 5 содняў удзельніку Марша недармаедаў Андрэю Марачу, 19 красавіка – 15 содняў актывістцы Наталлі Папковай. 2 траўня рашэннем Міранюка 10 содняў атрымаў удзельнік акцыі белых аркушаў Уладзімір Казлоўскі.

СА, belsat.eu

Стужка навінаў