Берасцейскі гурт «Zolki Band» прысвяціў кліп праціўнікам акумулятарнага заводу


Музыкі лічаць, што нас усіх уратуе салідарнасць, таму кліп на песню «Drevy i cieni» з новага альбому прысвечаны берасцейцам, якія больш за год змагаюцца супраць акумулятарнага заводу.

На сваіх старонках у сацыяльных сетках музыкі гурта «Zolki Band» напісалі:

– Больш за год трывае экалагічнае супраціўленне людзей, супраціў сярэднявечнаму цемрашальству і нахабству людзей у касцюмах чыноўнікаў, супраціў бязмежжу і хамству людзей у касцюмах органаў правапарадку, супраціў хлусні і ілжэсведчанням у так званых судовых установах Берасця. Таму толькі салідарнасць можа дапамагчы ў змаганні за права дыхаць чыстым паветрам і ў вайне людзей супраць пярэваратняў.

Новы, ужо другі па ліку альбом берасцейцаў «Šort šort night» выйдзе ў верасні 2019 году. Інды-рок-гурт з Берасця «Zolki Band» быў заснаваны ў 2014 годзе.

Тым часам, 12 траўня прайшла чарговая акцыя супраць акумулятарнага заводу, у якой узяло ўдзел каля 120 чалавек. На гэты раз абышлося без затрыманняў. Але 11 траўня за ўдзел у мінулых акцыях штраф у 40 базавых велічыняў (1020 руб.) атрымаў адзін з лідараў пратэсту – Зміцер Бекалюк.

У другой палове красавіка на акумулятарным заводзе працавала камісія па прыёмцы, але 30 красавіка акт на запуск вытворчасці так і не падпісалі. Па словах актывістаў, прадпрыемства не атрымала дазвол на працу, паколькі ў дзесяць разоў перавышаны свінцовыя выкіды.

Больш за год берасцейцы пратэстуюць супраць пабудовы акумулятарнага заводу «iPower» у свабоднай эканамічнай зоне «Берасце». Жыхары гораду сцвярджаюць, што прадпрыемства можа негатыўна паўплываць на экалогію ў рэгіёне.

АС belsat.eu

Hавiны
У Берасці прыдумалі новую прычыну забараніць мітынг супраць акумулятарнага заводу
2019.05.12 15:25

 

Стужка навінаў