Белякоў: Праз тое, што вы мне заміналі, я раскруткай таварнага знаку не займаўся




У тым, што Андрэй Белякоў не можа раскруціць сваю фірму, вінаваты наш тэлеканал. Пра гэта ён заявіў у размове з журналісткаю тэлеканалу Марынай Вашкевіч у тэлефоннай размове.

Справа вакол таварнага знаку «Белсат» доўжыцца нібыта з 2012 году. Яна сталася прадметам судовых спрэчак паміж нашым тэлеканалам і ўладальнікам фірмы «БЕЛСАТплюс» Андрэем Беляковым. Паводле яго словаў, медыя, што транслюе з тэрыторыі Польшчы, парушае інтарэсы ягонага бізнесу.

Вярхоўны суд не задаволіў патрабаванняў спадара Белякова 27 студзеня 2014 году. Тады уласнік фірмы «БЕЛСАТплюс» намагаўся забараніць нашаму тэлеканалу выкарыстовываць таварны знак «Белсат ТВ» («Belsat TV»). Тады Вярхоўны Суд палічыў патрабаванні неабгрунтаванымі.

Паўторны разгляд справы ініцыяваў прэзідыум Вярхоўнага Суду. Справу разглядаў іншы склад суддзяў. Насуперак хадзе працэсу і факту, што пазоўнік не падаў ніякіх новых доказаў, 4 верасня 2014 году Вярхоўны Суд, задаволіўшы пазоў Андрэя Белякова, забараніў тэлеканалу выкарыстоўваць назву, гандлёвы знак «Белсат ТВ» пры трансляцыі на тэрыторыю Беларусі і на інтэрнэт-старонцы.

Чаму менавіта цяпер паўстала неабходнасць падаць заяву ў міліцыю?

З моманту вынясення рашэння Вярхоўным Судом Рэспублікі Беларусь мінула два з паловай гады. Дык чаму менавіта цяпер спадар Андрэй звярнуўся да праваахоўнікаў?

«Адказу ад акруговага суда ў Варшаве не было па кампенсацыі судовых выдаткаў, а таксама не былі выкананыя рашэнні Вярхоўнага суду», – пракаментаваў свае дзеянні ўласнік «БЕЛСАТплюс».

Паводле ягоных словаў, «ён чакаў доўга, а парушэнне працягвалася актыўна».

«Я распачаў дзеянні: напісаў заяву. Любы чалавек на маім месцы так бы зрабіў», – нібыта апраўдваецца спадар Белякоў.

Як бачыць спадар Андрэй развязанне гэтай справы?

Са словаў спадара Андрэя выйсце незразумела.

З аднаго боку ён кажа, што не мог раскручваць таварны знак «Белсат» з прычыны, што людзі асацыююць яго з нашым тэлеканалам.

«Таму я неяк так, ведаеце, да гэтага мала намаганняў прыкладваў. Калі б я пачаў працаваць у гэтым кірунку, то вы былі б, ведаеце, у заднім канцы, а не на пярэднім канцы, скажам так, у інтэрнэце, як вы кажаце.

Калі б я прыклаў намаганні, вы б цытаваліся ў сто разоў менш, чым мы, напрыклад. Проста праз тое, што вы мне перашкаджалі я гэтым не займаўся, раскруткай таварнага знаку «Белсат»», – кажа спадар Андрэй у размове з прадстаўніцай тэлеканалу.

Гэта ён пацвердзіў і ў сюжэтах дзяржаўных беларускіх тэлеканалаў СТВ і АНТ. Хаваючы свой твар, уласнік таварнага знаку «БЕЛСАТплюс» на тэрыторыі Беларусі заяўляе пра перашкоды, звязаныя з падобнай назвай брэнду:

«Страты кліентаў, таксама да нас звяртаюцца нейкія людзі са скаргамі для сродкаў масавай інфармацыі, да якіх мы аніякай датычнасці не маем. Некаторыя людзі асацыююць нас з тэлекампаніяй Televizia Polska і намагаюцца абыходзіць нас бокам».

Але паўстае пытанне, ці дапаможа закрыццё нашага тэлеканалу ці хаця б адабранне брэнда развіццю бізнеса спадара Белякова? Наўсцяж да яго таксама могуць звяртацца з тымі ж пытаннямі. Тым больш, што і сам спадар Белякоў кажа:

Я не хачу каб нас асацыявалі з вамі. Таму я і не раскручваю. Вам гэта зразумела? Калі б вы мне не заміналі, я б раскруціў таварны знак тут нашмат больш. А так як асацыююць з вамі, то я гэтую справу прытармазіў.

Дарэчы, знайсці фірму спадара Андрэя ў Байнэце не такая простая справа. Асабістага сайта ў прадаўца спадарожнікавых антэнаў наагул не існуе.

«Я не магу зразумець, чаму вы не памяняеце назву сваёй фірмы»

Пачатковая фірма, якая была зарэгістраваная спадаром Беляковым у 2001 годзе, называлася «Хайтэк Маркет». Назва «БЕЛСАТплюс» з’явілася ў 2006: менавіта тады, калі стала вядома пра стварэнне нашага тэлеканалу.

На пытанне, ці не плануе спадар Белякоў яшчэ раз змяніць назву свайго бізнесу, каб ягоны таварны знак на тэрыторыі Беларусі не змешываўся з таварным знакам тэлевізіі, таму як «БелсатТВ» больш распазнавальны брэнд у Беларусі, ён адказвае:

«А чаму вы не памяняеце таварны знак, калі ён быў пазней зарэгістраваны? Гэта зусім, разумееце, нелагічна: распазнавальны, нераспазнавальны. Вы пазней былі, разумееце, на шмат гадоў! Вы скарысталіся маім таварным знакам, прыярытэтам.

Вы былі другасныя, разумееце? Другасныя: ды калі да вас гэта дойдзе?»

Са словаў дырэктара каналу Агнешкі Рамашэўскай-Гузы, ажыццявіць забарону на выкарыстанне лагатыпу «Белсат» на тэрыторыі Беларусі наўрад ці магчыма. Таварны знак Belsat зарэгістраваны на тэрыторыі Польшчы ды Еўразвязу. Такім чынам, назву можна надалей выкарыстоўваць у міжнароднай сетцы «Інтэрнэт» і праграмах на спадарожніку.

Паводле заканадаўства, таварныя знакі магчыма выкарыстовываць у розных галінах. Так, напрыклад, нашая тэлекампанія займаецца трансляцыяй і прадукцыяй тэлевізійных праграмаў; а фірма «БЕЛСАТплюс» не ажыццяўляе тэлевізійнай трансляцыі, займаючыся продажам і абслугоўваннем спутнікавага абсталявання.

Сёлета, у сакавіку, спадар Белякоў склаў чарговую скаргу. Пасля гэтага, 31 сакавіка ў абодвух офісах тэлеканалу «Белсат» у сталіцы прайшлі ператрусы. Праваахоўнікі з’явіліся каля 10 гадзін раніцы ў офісе, размешчаным у жылой кватэры ў цэнтры Мінска, і не пускалі ў пад’езд работнікаў нашага тэлеканала. Жыхароў пад’езду да іхных кватэраў суправаджалі міліцыянты.

Нібыта ў якасці сведкі затрымалі аператара Алеся Любенчука, а таксама выпадкова падчас правяздення следчых дзеянняў забралі ягоную ўласную тэхніку з заплечніка, на якой дзіўным чынам апынуліся налепкі з тэкстам «Белсат».

ВД, belsat.eu

Стужка навінаў