БелТА выдумала інтэрв'ю з дырэктарам Інстытута сацыялогіі пра анлайн-апытанні. Той абурыўся, а потым перадумаў


«Афіцыйна заяўляю, што тэкст, які падпісаны маім прозвішчам, мною не быў напісаны і не агучваўся», – заявіў у сваім блогу дырэктар Інстытуту сацыялогіі НАН РБ Генадзь Коршунаў пра тэкст, які выйшаў на старонцы дзяржаўнага агенцтва БелТА.

У тэксце ад імя Каршунова гаварылася, што «онлайн-апытанні ў інтэрнеце па тэме прэзідэнціх выбараў вельмі далёкія ад рэальнай сацыялогіі», і што «грамадскасць уводзяць у зман адносна рэальнай сітуацыі».

Онлайн-апытанні на асноўных інтэрнет-парталах Беларусі давалі Аляксандру Лукашэнку рэйтынг каля 3%. У выніку лідар краіны атрымаў у сацыяльных сетках мянушку «Саша – 3%».

Пасля гэтага зʼявілася інфармацыя, што Міністэрства інфармацыі РБ можа палічыць парушэннем заканадаўства правядзенне інтэрнет- апытанняў на тэму выбараў. «Навукова» абгрунтаваць такія захады, відавочна, мусіў фэйкавы артыкул БЕЛТА.

«Прэтэнзіі БелТА выказаныя, я чакаю зняцця матэрыяла з сайту і патрабую выбачэнняў ад БелТА», – напісаў Коршунаў.

Аднак праз некаторы час Каршуноў напісаў у сваім фэйсбуку, што інцыдэнт урэгуляваны і папрасіў «не мусіраваць тэму». Папярэдні пост ён выдаліў.

На момант публікацыі матэрыял яшчэ знаходзіцца на сайце дзяржаўнага агенцтва.

АГ, belsat.eu

Стужка навінаў