Першыя вынікі перапісу насельніцтва. Нас 9,4 мільёна


У Беларусі цяпер пражывае крыху больш за 9,4 млн чалавек. Нацыянальны статыстычны камітэт агучвае першыя вынікі перапісу насельніцтва, піша БелТА.

Па стане на 1 кастрычніка 2019 года ў Беларусі колькасць насельніцтва складала 9 454 790 чалавек, але паводле перапісу звесткі ўдакладнілі. Цяпер у краіне пражывае 9 413 446 чалавек.

Сталіца Беларусі стала горадам-двухмільённікам: у Менску, паводле перапісу, пражываюць больш 2 млн 18 тысячаў чалавек.

Пераважная большасць беларусаў жыве ў гарадах. Фота Viktor Drachev / TASS / Forum

Гарадское насельніцтва нашай краіны склала амаль 7,3 млн чалавек, або 77,5 %. У вёсках пражывае ўсяго 22,5 % насельніцтва ці 2 113 457 чалавек. Адметна, што 53,8 % насельніцтва Беларусі – жанчыны. Мужчынаў 46,2 %.

Пры гэтым аналіз звестак, якія сабралі перапісчыкі, выявіў шмат памылак. Пазней іх давялося выпраўляць.

«У нас былі чатыры Алы Барысаўны Пугачовы, нямала асобаў, узрост якіх перавышаў 120 гадоў. Мы ўсе такія выпадкі вычышчалі. Часта выяўлялася, што людзі проста няправільна называлі свой год нараджэння. Усе паўторы, памылкі выключылі», – запэўніла Іна Мядзведзева, кіраўніца Нацстату.

Абавязкі перапісчыка выконвае аспірант адной з гарадзенскіх ВНУ.
Фота: Васіль Малчанаў / «Белсат»

Адметнасцю перапісу стала тое, што на перапіс аднаго чалавека было выдаткавана амаль у тры разы менш сродкаў, чым падчас перапісу ў 2009 годзе.

«Гэта папярэднія звесткі, да ліпеня мы яшчэ працягваем апрацаванне. Але ў нас атрымалася наступнае: на аднаго чалавека перапісу 2019 года выдаткавана ва ўмоўных адзінках 57 цэнтаў, у 2009 годзе – 1 долар 53 цэнты. Як гэта стала магчымым? Прыцягвалі спонсарскія сродкі, праца перапісчыкаў была бязвыплатнай. Доля рэспубліканскага бюджэту ў агульных выдатках на перапіс склала 28,6 % супраць 93,5 % на перапіс-2009», – сказала Іна Мядзведзева.

Раней паведамлялася, што папярэднія выніковыя звесткі перапісу з’явяцца ў вольным доступе да 3 лютага 2020 года, асноўныя – да 1 чэрвеня 2020 года.

Сам перапіс прайшоў з 4 да 30 кастрычніка 2019 года, у ім прынялі ўдзел 95 % насельніцтва краіны.

Hавiны
Белстат распавёў пра нечаканыя праблемы падчас перапісу праз інтэрнэт
2019.11.19 15:40

СК belsat.eu

Стужка навінаў