«Белсат» запрашае кожнага ўнутр студыі


Да дзесяцігоддзя каналу мы зрабілі падарунак не толькі вам, але і сабе: панарама Блакітнай студыі «Белсату» у фармаце 360°/ 24 г / 7 дзён на тыдзень. Бо калі не мы – то хто?

«Белсат» робяць жывыя людзі, а за кожнай секундай эфіру стаяць гадзіны працы.

Нашыя калегі робяць рэпартажы з калідораў Еўрапарламенту і выбарчых участкаў Каталоніі, перадавой вайсковых дзеянняў супраць «Ісламскай дзяржавы» і ў спакойных беларускіх вёсках, сядзяць пад кулямі на Данбасе і ладзяць стрымы з акцыяў на любога кшталту Плошчах.

На нашыя серверы штодня прыходзяць сотні гадзінаў відэа з Беларусі і свету. Рэдакцыя інфармацыйных праграмаў рупліва выбірае з яго найважнейшае і найцікавейшае, каб паказаць у вечаровым інфармацыйным блоку, які завяршае «Аб’ектыў» – старыя добрыя тэлевізійныя навіны як яны ёсць, з надвор’ем і аглядам спорту. Класіка.

Сігнал «Аб’ектыву» дасылаецца на спадарожнік і ў інтэрнэт з Блакітнай студыі. Каб патрапіць туды, недастаткова паказаць пасведчанне супрацоўніка «Белсату» ахове: неабходна ведаць, на якім яна паверсе і за якімі дзвярыма. Некаторыя нашыя супрацоўнікі са шматгадовым стажам дагэтуль не могуць сказаць, дзе дакладна знаходзіцца гэтае месца.

З нагоды дзесяцігоддзя мы адкрываем дзверы сюды кожнаму – і запрашаем у віртуальны шпацыр па студыі і рэжысёрскім пакоі ўсіх гледачоў, а таксама суддзяў, міліцыянтаў і чыноўнікаў. Ну і былых супрацоўнікаў каналу. Няхай прыгадаюць сабе, дзе ім калісьці працавалася. Цяжка. Цікава. Па-беларуску. І без цэнзуры.

ДД

Стужка навінаў