«Белсат» атрымаў узнагароду ад «Ідэі»


 Сацыяльная адказнасць – якасць важная не толькі для бізнес-кампаніяў, але і для медыяў. І паводле экспертаў, наш тэлеканал гэтай якасцю валодае. Фонд «Ідэя» трэці раз раздаў узнагароды сярод арганізацыяў карпаратыўна-сацыяльнай адказнасці. І акрамя «Белсату», узнагароду за асвятленне вострых сацыяльных тэмаў ды грамадскае актыўнасці атрымалі інфармацыйныя агенцтвы «БелаПАН» і «Минск-новости».

Кампанія Velcom – за праект «Чытаем па-беларуску», за праект па выратаванню загайніка ў Ельні для беларускага філіялу кампаніі кока-кола, Прыёрбанк – за праект рэстаўрацыі Любчанскага замку, ды многія іншыя. Фонд «Ідэя» узнагароджваў прадстаўнікоў айчыннага бізнесу, што акрамя дбання пра прыбыткі, не забываюцца і пра культурніцкія і сацыяльныя каштоўнасці. Звышмэта ж…

«Зрабіць тэму сацыяльнай адказнасці ня проста моднай, але неабходнай. Адназначна зразумелай, як платформа бізнесу, якая тут вядзецца. Вось, як зараблянне прыбытку, дбанне пра якасць паслугаў і прадукцыі – гэтак і ягоная сацыяльны бок у роўнай ступені істотны», – зазначае Раман Касціцын, кіроўны партнёр кампаніі «Ars Communications»

Акрамя ўласна бізнесу, фонд «Ідэя» штогод адзначае і найбольш актыўныя медыі. Паводле мэнэджэра па камунікацыях установы Вольгі Сталяровай, сёлета ў намінацыі для медыяў знайшлося месца адразу для траіх пераможцаў з-за росту цікаўнасці СМІ да грамадскіх ініцыятываў і бізнесу з мадэллю карпаратыўна-сацыяльнай адказнасці – КСО.

«Значэнне КСО ў Беларусі расце, праекты становяцца больш шчырымі, глабальнымі, маштабнымі, яны сапраўды змяняюць нашае грамадства да лепшага і, адпаведна, цікаўнасць медыяў да гэтых праектаў расце», – распавядае Вольга Сталярова, менеджэр па камунікацыям фонду «Ідэя».

Журы ў складзе адмыслоўцаў фондаў «Ідэя», іхных славацкіх калегаў з установы «Pontis», кампаніі ARTOX і Еўрапейскай камісіі прызнала наш тэлеканал разам з інфармацыйнымі агенцтвамі «Белапан» і «Минск-новости» сродкам масавай інфармацыі, што найбольш глыбока і эфектыўна асвятлялі сацыяльныя праблемы, ды тэмы бізнесу з карпаратыўна-сацыяльнай адказнасцю.

«Наш тэлеканал працуе ня толькі дзеля асвятлення нейкіх палітычных падзеяў, нейкіх сацыяльных падзеяў, але мы таксама асвятляем жыццё бізнесу, тыя карысныя рэчы, якія бізнес робіць для беларускага грамадства. Мы распавядаем пра ўсе сфер жыцця беларускага грамадства і атрыманне гэтае прэміі сведчыць пра тое, што нас глядзяць, нас заўважаюць, мы маем уплыў на тое, што адбываецца ў Беларусі», – упэўнены Аляксей Мінчонак, прадстаўнік «Белсату» ў Беларусі.

«Белсат» між іншага асвятляў культурніцкую працу Фонду «Ідэя», які пры падтрыманні шэрагу айчынных кампаніяў, ладзіць рэгулярныя джазавыя вечарыны ля менскае ратушы, ды адукацыйны праект іншага пераможцы – кампаніі Velcom «Чытаем па-беларуску». Фонд намагаецца забяспечыць дыялог паміж грамадзянскай супольнасцю, бізнесам і дзяржавай, ды ўласна папулярызаваць мадэль бізнесу з сацыяльнай адказнасцю.

Усевалад Шлыкаў, «Белсат»

Стужка навінаў