«Белнафтахім»: транзіт нафты ў напрамку Польшчы часткова адноўлены


«Белнафтахім» сцвярджае, што транспартаванне расейскай нафты па трубаправодзе «Дружба» ў напрамку Польшчы часткова адноўлена. Пра гэта паведамляе прэс-служба канцэрну.

У канцэрне адзначаюць, што па стане на 9 чэрвеня беларускі бок выканаў шэраг этапаў дарожнай мапы па выцясненні забруджанай расейскай нафты ў двух нітак трубаправода« Дружба» ад Мазыра да мяжы з Польшчай.

«Рэверсам на тэрыторыю Расеі вярнулі 450 тыс. т забруджанай нафты, яна была замешчаная нафтай, якая адпавядае Дзяржаўнаму стандарту», – паведамілі ў «Белнафтахіме».

Праведзеная праца дазволіла 8 чэрвеня ў 21.00 атрымаць чыстую нафту на прымежнай польскай станцыі «Адамава». Пасля праверкі якасці нафты прынята рашэнне аб аднаўленні транзіту нафты ў напрамку НПЗ Польшчы і Германіі з 9 чэрвеня.

У «Белнафтахіме» таксама дадалі, што транзіт нафты ў напрамку Украіны ідзе па графіку.

Канцэрн пры гэтым працягвае рэалізацыю дарожнай мапы па замяшчэнні на тэрыторыі Беларусі забруджанай расейскай нафты.

ВІДЭА
Лукашэнка пра нафтавыя перамовы: «Поўзаць на каленях не трэба»
2019.06.07 12:22
  • Скандал вакол паставак няякаснай нафты пачаўся 19 красавіка. У гэты дзень дзяржаўны канцэрн «Белнафтахім» заявіў аб рэзкім пагаршэнні якасці нафты,што паступае па нафтаправодзе з Расеі. З улікам гэтага 21 красавіка канцэрн «Белнафтахім» прыняў рашэнне часова абмежаваць экспартныя пастаўкі нафтапрадуктаў. 22 красавіка Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод паведаміў, што расейская нафта кепскай якасці прывяла да выхаду са строю дарагога абсталявання. У адрозненні ад НПЗ у Мазыры, на «Нафтан» забруджаная нафта трапіць не паспела, аднак праз недахоп сыравіны завод значна знізіў загрузку. Праз кепскую якасць нафты Польшча і Украіна адмовіліся прымаць яе і прыпынілі транзіт праз сваю тэрыторыю.
  • Паводле падлікаў расейскага выдання «Ведомости», агульная шкода Беларусі ад няякаснай расейскай нафты можа скласці ад $ 271,3 млн да $ 435,3 млн. У траўні Расея і Беларусь дамовіліся стварыць працоўную групу з 8 чалавек для ацэнкі стратаў ад забруджвання нафты ў нафтаправодзе «Дружба» і спосабаў кампенсацыі.
  • У Маскве заявілі, што Расея гатовая кампенсаваць страты, але толькі тым, хто зможа пераканаўчы даказаць іх. «Тэхнічныя спецыялісты павінны яшчэ вызначыць прычынна-выніковыя сувязі. Гэта такое пытанне, ад чаго зламаўся… ад гэтай нафты або ад натуральнага зносу», – сказаў віцэ-прэм’ер РФ Д. Козак.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў