«Белнафтахім» паабяцаў, што паліва на запраўках патаннее


Канцэрн «Белнафтахім» заявіў аб зніжэнне цаны на паліва ў новым годзе. Пра гэта стала вядома падчас наведвання віцэ-прэм’ерам Беларусі Ігарам Ляшэнка нафтаперапрацоўчага заводу «Нафтан», падае БТ. Сам Ігар Ляшэнка на мінулым тыдні заявіў, што ў 2019-м кошты на паліва вырастуць на 5–7 %.

Чакаецца, што ў першы тыдзень студзеня цана бензіну і дызельнага паліва на АЗС краіны будзе перагледжана, зыходзячы з кошту барэлю нафты.

Паводле прагнозу старшыні канцэрну «Белнафтахім» Андрэя Рыбакова, на колькі патаннее бензін і дызель, стане вядома ўжо ў першыя дні новага года.

«Мы застаёмся прыхільнікамі планавага і планамернага змянення цэнаў. Хачу сказаць, што намі ўнесены прапановы на студзень па змяненні і – што радуе – па зніжэнні цаны на ўнутраным рынку. Гэта будзе разгледжана, зыходзячы з фактычнай кошту барэля на пачатку студзеня – 2–3 чысла. Але ўжо можна сказаць, што ў дыяпазоне $ 52–55 за барэль разглядаецца змяненне цаны. Каля 1 капейкі на дызель і 2 капеек на бензін».

З сярэдзіны снежня нафта на сусветным рынку таннее – у выніку гандлёвых спрэчак паміж Кітаем і ЗША ды прагнозамі амерыканскага ўраду аб росце здабычы сланцавай нафты.

На гэтым тыдні кошт нафты Brent на Лонданскай біржы дасягнуў $ 50. Такім чынам, нафта патаннела больш чым на 40 % пасля чатырохгадовага максімуму, дасягнутага ў кастрычніку.

Цягам 2018 году паліва на беларускіх запраўках даражэла 27 разоў – кожны раз на 1 капейку.

На мінулым тыдні віцэ-прэм’ер заяўляў, што ўва ўмовах падатковага манеўру ў Расеі страты беларускіх НПЗ складуць $ 240 млн, неданалічэнне падаткаў у бюджэт складзе $ 143 млн, а рознічныя кошты на нафтапрадукты вырастуць налета на 5–7 %.

Паводле міністра фінансаў Беларусі Максіма Ермаловіча, бюджэтныя страты Беларусі ў выніку падатковага манеўру складуць Br 630 млн.

ДД

Стужка навінаў