«Белнафтахім» да гэтага часу не мае кантрактаў з буйнымі расейскімі кампаніямі на пастаўку нафты


Беларусь да гэтага часу не мае пагадненняў з буйнымі расейскімі кампаніямі пра пастаўку нафты. Пра гэта заявіў старшыня канцэрну «Белнафтахім» Андрэй Рыбакоў, піша БелТА.

«Белнафтахім» шукае магчымасцяў дзеля таго, каб набываць нафту ў Расеі, але пакуль перамовы працягваюцца. Раней у канцэрне заявілі, што па выніках сакавіка спадзяюцца атрымаць каля мільёну тон нафты з розных крыніцаў.

Паводле словаў кіраўніка «Белнафтахім» Андрэя Рыбакова, перамовы працягваюцца не толькі з расейскімі пастаўнікамі нафты, але і з кампаніямі з далёкага замежжа.

«Планы грандыёзныя. Спадзяемся, што не падвядзем прэзідэнта, не падвядзем нашу галіну», – дадаў Андрэй Рыбакоў.

ВІДЭА
Нафтавая вайна Лукашэнкі з Пуціным канчаецца
2020.02.29 09:13
  • Напрыканцы 2019 году Менск і Масква гэтак і не змаглі дамовіцца пра ўмовы пастаўкі нафты ў Беларусь у 2020 годзе. У выніку ў студзені–лютым сёлета нафту ў Беларусь пастаўлялі толькі кампаніі Міхаіла Гуцэрыева, якога звязваюць сяброўскія адносіны з Аляксандрам Лукашэнкам. Апошнія два месяцы айчынныя НПЗ працуюць на мінімальнай загрузцы.
  • Уладзімір Пуцін пасля сустрэчы з кіраўніком Беларусі паабяцаў зняць абмежаванні доступу да нафтапроваду кампаніяў, якім будзе цікава працаваць з Беларуссю. Цяпер беларускія ўрад спадзяецца на інтарэс да супрацы з нашай краінай дробных і сярэдніх нафтавых фірмаў.
  • Дыверсіфікацыя паставак нафты – адная з самых прыярытэтных задач «Белнафтахіму» на 2020 год.

СК belsat.eu

Стужка навінаў