Бельгійскі канцэрн адказаў на запыт «Белсату» пра новы хімзавод пад Горадняй


На мінулым тыдні шэраг беларускіх СМІ паведамілі, што ў французскім Руане была дасягнутая дамоўленасць пабудаваць завод па выпуску вадкіх угнаеньняў на пляцоўцы СЭЗ «Гроднаінвест» у вёсцы Аульс. Belsat.eu высветліў, што канцэрн Tessenderlo Group толькі ацэньвае рынак вадкіх мінеральных угнаенняў ва Усходняй Еўропе (у тым ліку ў Беларусі), але ніякага канкрэтнага рашэння яшчэ не агучваў.

Дзяржаўнае выданне «Гарадзенская праўда» напісала, што на заводзе нібыта планавалася вырабляць тыясульфат амонія (ATS) – угнаенне, якое ўжываюць у вырошчванні сельскагаспадарчых культур. Намеснік старшыні Гарадзенскага гарвыканкаму Андрэй Болтрык заяўляў, што ўжо цяпер рыхтуецца абгрунтаванне інвестыцыяў у праект. Прычым інвестарамі ён называў «французаў», але ж патэнцыйна зацікаўлены канцэрн знаходзіцца ў Бельгіі.

Мы накіравалі запыт непасрэдна ў Tessenderlo Group, каб даведацца акалічнасці. Аднак прадстаўнік канцэрну Фрэдэрык Драйхоўэл запэўніў: гаворкі пра дамоўленасць наагул не ідзе.

«У святле шматлікіх публікацый па тэме, што з’явіліся раней, Tessenderlo Group хацеў бы заявіць, што на дадзены момант ацэньвае рынак вадкіх угнаенняў у розных краінах Усодняй Еўропы (уключна з Беларуссю). На сённяшні дзень мы не можам прадставіць ніякай далейшай інфармацыі», – гаворыцца ў адказе.

Тым часам артыкул на сайце «Гарадзенскай праўды», дзе распавядалася пра паспяховую здзелку, быў выдалены.

КА belsat.eu

Стужка навінаў