Нацбанк прызначыў у «Белгазпрамбанк» уласную адміністрацыю

Нацыянальны банк прызначыў кіраўніцай часовай адміністрацыі «Белгазпрамбанку» Надзею Ермакову.

Як паведамляецца ў прэс-рэлізе Нацбанка, з 15 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» ўводзіцца часовая адміністрацыя «у мэтах абароны інтарэсаў укладчыкаў і крэдытораў». Адзначаецца, што гэтая мера прынятая з улікам інфармацыі аб распачынанне крымінальнай справы ў дачыненні службовых асобаў ААТ «Белгазпрамбанк».

«Кіраўніком часовай адміністрацыі па кіраванні ААТ «Белгазпрамбанк» прызначаная Ермакова Надзея Андрэеўна. Паўнамоцтвы праўлення ААТ «Белгазпрамбанк» на перыяд дзеяння часовай адміністрацыі па кіраванні банкам прыпыненыя», – гаворыцца ў заяве Нацбанка.

Нацбанк абяцае забяспечыць устойлівае функцыянаванне ААТ «Белгазпрамбанк» і пры неабходнасці аказаць банку падтрымку.

«Гэта рэйдарскі захоп з боку дзяржавы», – Бабарыка пра пераслед «Белгазпрамбанку»

  • Інфармацыя пра тое, што Нацыянальны банк Беларусі можа ўвесці сваю адміністрацыю па кіраванню «Белгазпрамбанкам» з’явілася 12 чэрвеня. Эканамісты, апытаныя belsat.eu, адзначалі, што фармальных падставаў для ўмяшання ў справы банку ў дзяржавы няма, бо звычайна часовая адміністрацыя прызначаецца ў выпадку праблемаў з плацежаздольнасцю, а такіх праблемаў у «Белгазпрамбанку» не было.
  • Акцыянеры ААТ «Белгазпрамбанк» назвалі дзеянні Нацбанку па змене адміністрацыі незаконнымі. «Названыя дзеянні здзейсненыя з грубым парушэннем заканадаўства Рэспублікі Беларусь і Дамовы аб Еўразійскім эканамічным саюзе (Астана, 29 траўня 2014 года) і непасрэдна закранаюць правы і законныя інтарэсы расейскіх акцыянераў ААТ «Белгазпрамбанк», а таксама інтарэсы кліентаў і ўкладчыкаў», – адзначалі ў сумеснай заяве «Газпрам» і «Газпрамбанк». Былы кіраўнік «Белгазпрамбанку» Віктар Бабарыка заявіў, што цалкам згодны з пазіцыяй акцыянераў. «Гэта – рэйдарскі захоп, прычым з боку дзяржавы, які парушае не толькі ўнутранае заканадаўства, але і міжнародныя дамовы. Уся логіка таго, што адбываецца падказвае, што гэта працэс, накіраваны супраць мяне», – падкрэсліў ён.

ІІ belsat.eu

Hавiны