«Белавія» пакідае толькі адзін рэйс на тыдзень у Ізраіль

З 13 да 31 сакавіка бягучага года авіякампанія «Белавія» адмяняе выкананне рэйсаў у Ізраіль па аўторках і чацвяргах. У раскладзе застануцца рэйсы толькі ў нядзелю, паведамляецца на сайце беларускай авіякампаніі.

Абмежаванні на пералёты ўводзяцца ў адпаведнасці з указаннем авіяцыйных уладаў Ізраілю. З 12 да 31 сакавіка 2020 года ўведзены абмежаванні на ўезд у Ізраіль для замежнікаў. Такім чынам улады краіны імкнуцца спыніць распаўсюджванне каронавірусу.

Пры гэтым існуюць выключэнні для грамадзянаў, якія маюць адмысловыя дазволы міністэрства па міграцыі ці міністэрства аховы здароўя Ізраілю. Акрамя таго магчымы ўезд у краіну замежнікаў, якія будуць знаходзіцца ў Ізраілі больш за 14 дзён і змогуць пацвердзіць праходжанне хатняга каранціну.

«Белавія» верне грошы асобам, якія набылі квіткі раней. Існуе магчымасць перанесці дату пералёту да 31 траўня 2020 гаду.

Раней у «Белавія» агучылі, што ў бліжэйшым часе прыпыняцца рэйсы ў Мілан, а квіткі на рэйс Менск-Рым-Менск прапануюць здаць або абмяняць на пазнейшы тэрмін. У Італіі ўведзены каранцін. Перамяшчэнне грамадзянаў без абгрунтаваных прычынаў забараняецца.

«Белавія» вяртае грошы за квіткі ў Рым і спыняе рэйсы ў Мілан

СК belsat.eu

 

Hавiны