Беларусы зрабілі мультымедыйную мапу Белавежскай пушчы

Цяпер у самым старым лесе Еўропы можна пабываць онлайн, на сайце праекту «Forest Space». Знайсці на карце месцы сілы і праслухаць легенды пра міфічных істотаў.

«Forest Space» створаны, каб прыцягнуць увагу да экалагічных праблемаў, распавесці аб важнасці ролі лесу ў жыцці нашых продкаў. Арганізатары праекту ездзяць у Белавежскую пушчу, здымаюць 360-градусныя відэа ды запісваюць гукі прыроды. Паводле матываў беларускай міфалогіі былі створаныя ілюстрацыі лясных істотаў і агучаныя іх гісторыі. На гэты момант толькі на расейскай і польскай мовах. У будучыні каманда плануе зрабіць па-беларуску, а потым і па-англійску.

Каманда працуе ўжо каля 6 месяцаў. Стартавала ў чэрвені гэтага года ў межах беларуска-польскага праекту MATCH (Media & Art To Cultural History). Белавежская пушча выбраная не выпадкова, гэты лес абʼядноўвае тэрыторыі Польшчы і Беларусі, а карані дрэваў цягнуцца на тысячы кіламетраў, ствараючы шырокую экасістэму, адзіны арганізм.

Марыя Кноп працуе ў IT, але кажа, што сапраўднае задавальненне ёй прыносіць праца ў сацыяльных праектах

Менеджарка праекту Марыя Кноп, падзяліся з belsat.eu гісторыяй «Forest Space», сваім натхненнем і планамі на будучыню:

«Лес для мяне заўсёды выконваў важную ролю ў жыцці, асабліва цяпер, калі я стала жыць больш у горадзе, чым на прыродзе. У дзяцінстве ўвесь вольны час я праводзіла ў глухой вёсцы бабулі.

У бабулі была вялікая гаспадарка, трусы і каровы, трэба было дапамагаць. Мы прачыналіся а пятай раніцы і выходзілі пасвіць статак кароваў, вяртаючыся толькі ўначы. Мы шпацыравалі па лугах, уздоўж лясоў. Гэта шмат у чым паўплывала на маё стаўленне да прыроды, і экалагічныя праекты для мяне маюць асаблівую значнасць. Для мяне лес – гэта нешта містычнае, дзе я магу знайсці натхненне і атрымліваць жыццёвую энергію. Мне здаецца гэтак для многіхшмат для каго з беларусаў.

Праект «ForestSpace» мае асаблівае значэнне, гэта кавалачак таго мінулага, лес з майго дзяцінства. Белавежская пушча тая некранутая частка прыроды, у яе пачатковым выглядзе. Хочацца, каб кожны чалавек мог атрымаць асалоду ад яе прыгажосці».

Створаны сайт forestspace.eu, праўда працуе нармальна ён толькі на Google Chrome

«ForestSpace» створаны на энтузіязме, на асабістыя грошы ўдзельнікаў, якія працуюць як валанцёры. Цяпер каманда шукае фінансаванне. Падтрымаць праект і краўд-кампанію можна тут. Цяпер сабраныя ўжо больш за палову неабходных сродкаў.

Белавежская пушча – найстарэйшы запаведнік у Еўропе, на мяжы паміж Беларуссю і Польшчаю. У 1979 годзе рашэннем ЮНЭСКО Белавежскі нацыянальны парк (Польшча) уключаны ў Спіс сусветнай спадчыны. У 1992 годзе ў Спіс спадчыны ЮНЭСКО ўвайшла беларуская частка пушчы.

ЛП, belsat.eu

Hавiны