Беларусы збіраюць подпісы супраць запуску БелАЭС

Зварот з’явіўся 1 чэрвеня на платформе petitions.by. Ён заклікае не выдаваць ліцэнзіі на пуск БелАЭС і адкласці фізічны запуск станцыі, пакуль не будуць вырашаныя праблемы з бяспекаю.

У петыцыі супраць запуску БелАЭС заклікаюць адкласці фізічны запуск станцыі ў Астраўцы. Стваральнікі пішуць, што ў бягучых умовах немагчыма арганізаваць бяспечны пуск станцыі.

«Зараз, у сувязі з эпідэяміяй каронавірусу ёсць верагоднасць, што запуск станцыі будзе выконвацца не вельмі кваліфікаванымі спецыялістамі і без пэўнага кантролю», – напісана ў петыцыі.

«Росатом» заявіў пра 100 выпадкаў каронавіруса на БелАЭС

Арганізатары петыцыі звяртаюць увагу на масавыя выпадкі захворванняў на COVID-19 сярод працаўнікоў станцыі, а таксама на складанасці з візітам замежных экспертаў напярэдадні запуску АЭС. Таксама адзначаецца, што па сёння не былі вырашаныя праблемы сістэмаў бяспекі, плану па ліквідацыі ядравых адкідаў.

Аўтары звароту нагадваюць, што ў Беларусі няма дастатковай колькасці магутнасцяў халоднага і гарачага рэзерву, неабходных для інтэграцыі БелАЭС у энергасістэму краіны.

Сейм Літвы заклікаў урад абмежаваць пастаўкі электрычнасці з Беларусі

Таксама яны нагадваюць, што праект БелАЭС стварае высокія палітычныя рызыкі і можа пагоршыць абстаноўку ў краіне.

Зварот мяркуецца накіраваць у Міністэрства надзвычайных спраў і Міністэрства энергетыкі. Зараз пад ім падпісалася 260 чалавек.

Запуск БелАЭС прымеркаваны на ліпень 2020 года.

КТ belsat.eu

Hавiны