Беларусы стварылі мапу самаізаляцыі. Яна лічыць, колькі людзей засталося дома праз каронавірус


На мапе ўжо адзначыліся больш за 300 чалавек.

Два сябра – дызайнер Сяргей Пехцераў і праграміст Антон Турко – стварылі мапу самаізаляцыі «Я дома». Яна паказвае колькасць тых, хто не пайшоў у офіс, а застаўся працаваць дома. Belsat.eu паразмаўляў з адным са стваральнікаў мапы Сяргеем Пехцеравым.

Антон і Сяргей разам стварылі ўжо не адзін праект. З pavetra.online яны бралі ўдзел у Social Weekend. Фота прадстаўленае героямі

«Зараз такі час, калі па магчымасці трэба застацца дома. Хочацца падтрымаць тых, хто знаходзіцца ў самаізаляцыі, каб яны ведалі, што яны не адныя. А таксама хочацца прыцягнуць увагу тых людзей, хто мог бы пайсці на такі крок, але пакуль не наважыўся. Мы праводзілі апытанне ў лакальным пабліке, якое паказала, што каля 15 % людзей увогуле не ўспрымаюць сітуацыю сур’ёзна», – кажа Сяргей.

Дадаць сябе на мапу можа любы карыстальнік «Тэлеграма». У ім трэба запусціць тэлеграм-бота, даслаць лакацыю ці ўпісаць GPS-каардынаты. Выдаліць свае дадзеныя з мапы можна камандай «delete».

Лога праекту «Я дома»

Зарэгістраваныя карыстальнікі адлюстроўваюцца на мапе ў выглядзе сваёй жа аватаркі з Тэлеграму. Пабачыць іх імя нельга ў мэтах прыватнасці. На мапе на момант публікацыі адзначылася больш за 300 чалавек. Значная частка тых, хто застаўся дома, з Менску. Але сервіс зусім новы, зразумела, што не ўсе пра яго ведаюць. Сяргей кажа, што на стварэнне мапы сыйшоў толькі адзін дзень. У панядзелак мапу запусцілі. Хібы, якія заўважаюць карыстальнікі, прыходзіцца выпраўляць на ляту.

Менск на мапе «Я дома»

Сяргей Пехцераў сам ужо 10 дзён разам з жонкай знаходзіцца дома на самаізаляцыі. На яго рашэнне паўплывала наяўнасць сваякоў з групы рызыкі, а таксама разуменне, што такім чынам можна замарудзіць распаўсюджанне каронавірусу і мінімізіраваць нагрузку на медыцынскія ўстановы.

«За ўсе 10 дзён самаізаляцыі я адзін раз выбраўся на пошту і ў краму – дакупіць кацінага корму і свежай гародніны. У працоўным працэсе нічога не змянілася, акрамя самога працоўнага месца. Выходжу на балкон падыхаць паветрам і праветрываю памяшканне. Час, які раней марнаваў на дарогу да офіса, цяпер марную на гатаванне ежы. Часам ежу замаўляю, каб падтрымаць тыя ўстановы, якія я наведваў і каб разнастаіць рацыён. Замову лепш рабіць адразу на 2 прыёмы ежы – так эканомней», – робіць першыя высновы сваёй самаізаляцыі Сяргей.

Сяргей Пехцераў знаходзіцца дома на самаізаляцыі ўжо 10 дзён

Мапа самаізаляцыі – не першы сумесны праект Сяргея і Антона. Разам хлопцы робяць праект пра чысціню паветра – pavetra.online.

Вольга Васільева Belsat.eu

Абноўлена
Каронавірус ў свеце і Беларусі. Галоўнае
2020.03.23 21:09
Стужка навінаў