Беларусы сталі часцей з’язджаць на працу за мяжу, а замежнікі – у Беларусь


У першым квартале 2019 года ў пошуках працы з краіны з’ехалі 2251 чалавек, паведамляе TUT.by са спасылкаю на Дэпартамент грамадзянства і міграцыі МУС.

За тры месяцы 2018 года на працу выехала на 64 чалавекі менш, а за першы квартал 2017-га – на 412 чалавек менш. Найбольш актыўна на заробкі выязджаюць менчукі – 861 чалавек.

Hавiны
Нямецкія фермеры чакаюць сезонных рабочых з Беларусі
2019.05.09 10:16

За межамі краіны беларусы часцей за ўсё знаходзяць працу ў Расеі – 932 чалавека за студзень-сакавік (годам раней – 1030). На другім месцы па колькасці беларускіх працоўных мігрантаў Польшча (527 чалавек супраць 686 у 2018-м), на трэцім – Літва (410 супраць 308). На чацвёрты радок выйшла Чэхія – сюды выехалі 274 беларусы (годам раней – 45).

Пераважную большасць тых, хто выехаў на заробкі, складаюць рабочыя – 2148 чалавек. Больш за ўсё яны запатрабаваныя ў Расеі (917 чалавек), Польшчы (518), Літве (406) і Чэхіі (274).

Hавiны
Кіроўцы грузавікоў з’язджаюць з Беларусі на працу ў Літву
2019.05.06 21:20

Беларускі рынак працы таксама становіцца прывабным для замежнікаў. На заробкі ў Беларусь у студзені-сакавіку прыехала 4239 работнікаў з-за мяжы, ці на 729 чалавек больш, чым за аналагічны перыяд 2018 года.

У першым квартале гэтага года ў Беларусі знайшлі працу 4239 чалавек. Больш за ўсё – з Расеі (1159 чалавек супраць 868 за першы квартал 2018-га). На другім радку кітайцы – 914 чалавек (было 606), на трэцім – украінцы (688 супраць 937). Таксама часцей на працу сталі прыязджаць узбекі – 285 чалавек у першым квартале (было 212).

Часцей за ўсё замежнікі працаўладкоўваліся ў Менску – 2285 чалавек, а радзей за ўсё – у Магілёўскай вобласці (75). На працу ў Парк высокіх тэхналогіяў прыбылі 306 замежнікаў.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў