Беларусы больш разлічваюць на сябе, чым на дзяржаву


Паводле вынікаў даследавання, праведзенага ў межах рэгіянальнай праграмы «Разам да справы» з ініцыятывы Цэнтру даследавання грамадскага кіравання SYMPA і грамадска-культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!», 63,4 % беларусаў лічыць, што менавіта яны адказныя за свой дабрабыт і самі абавязаныя развязваць свае праблемы. Каля 25 % апытаных упэўненыя, што за іхны дабрабыт адказвае дзяржава і менавіта яна дапамагае грамадзянам.

Як адзначыла Таццяна Кузіна, вынікі кардынальна адрозніваюцца ад адказаў, атрыманых у 2008 годзе, піша ej.by. Тады, наадварот, 65 % апытаных лічыла, што за іх дабрабыт адказвае дзяржава.

Эксперт таксама звярнула ўвагу, што тыя, хто ў большай ступені разлічваюць на падтрыманне з боку дзяржавы, а не на сябе, як правіла, адрозніваюцца нізкім узроўнем грамадзянскай пазіцыі і нізкай грамадзянскай адказнасцю, і як відаць, з вынікаў апытання, іх сёння стала меншасць.

За што беларусы крытыкуюць дзяржаву?

Асноўным, за што нашы грамадзяне крытыкуюць дзяржаву, як вынікае з вынікаў апытання, з’яўляюцца эканамічныя чыннікі: падзенне ўзроўню жыцця і рост коштаў (53 %), а таксама рэформы ЖКГ і пенсійная рэформа (20 %).

Досыць нізкую крытыку з боку апытаных беларусаў атрымалі карупцыя і вонкавая палітыка (6,5 % і 2 % адпаведна). Праўда, па словах Таццяны Кузінай, рэспандэнты былі апытаныя да гучнага карупцыйнага скандалу ў «Міністэрстве аховы здароўя».

Паводле апытання, 64,3 % рэспандэнтаў лічаць, што дзяржорганы Беларусі прадстаўляюць далёка не ўсю неабходную інфармацыю пра сваю працу, дзеянні і рашэнні.

Таксама падчас даследавання ў беларусаў пацікавіліся, наколькі яны давяраюць розным інстытутам. Як высветлілася, найбольшы давер у нашых грамадзянаў выклікае царква, найменшая – мясцовая ўлада і міністэрства. У пытанні даверу да прэзідэнта меркаванні беларусаў падзяліліся амаль пароўну: пра давер заявілі 42,8 % апытаных, 44,3 % выказалі недавер.

Што цікава, беларусы больш давяраюць асобам, а не структурам. Даследаванне паказала, што, напрыклад, святар выклікае давер у 61 % рэспандэнтаў, у той час як царква 58 %, і актывісту давяраюць каля 48 % грамадзянаў, а вось самой грамадскай арганізацыі толькі 24,6 %.

Грамадзянскі ўдзел

Большасць рэспандэнтаў упэўненая, што ў распрацоўцы палітыкі дзяржавы павінны ўдзельнічаць перш за ўсё дзяржаўныя даследчыя інстытуты і экспертныя арганізацыі (46,3 %), а таксама органы дзяржаўнай улады (41,8 %). Яны таксама перакананыя, што дзяржава павінна арганізоўваць працэс рашэння грамадска значных праблемаў з дапамогай максімальна шырокага ўдзелу грамадзянаў.

Беларусы прызнаюць, што накіраваць сваю прапанову ў орган улады, які займаецца распрацоўкай той ці іншай палітыкі, і ўдзельнічаць у грамадскіх абмеркаваннях – гэта эфектыўная форма ўдзелу ў прыняцці важных для грамадства рашэнняў. Але пры гэтым яны самі не гатовыя ва ўсім гэтым удзельнічаць, таму што гэта складана і патрабуе пэўных кампетэнцыяў.

Як малаэфектыўныя формы ўдзелу ў прыняцці важных рашэнняў рэспандэнты назвалі працу ў дзяржорганах, удзел у працы палітычных партыяў і прасоўванне сваіх ідэяў праз мясцовых дэпутатаў.

«У цэлым, каб рэзюмаваць, магу адзначыць, што беларусы досыць нізка ацэньваюць свае магчымасці ўплываць на працэсы прыняцця кіраўніцкіх рашэнняў у краіне і не гатовыя да ўдзелу ў прыняцці рашэнняў», – сказала Таццяна Кузіна.

Hавiны
«Мадней чым быць блогерам». У Беларусі выявілі самых уплывовых інфлюэнсераў
2019.03.02 12:46

СК, belsat.eu

Стужка навінаў