У межах конкурсу Кракаўскага кінафестывалю ў аўторак (28 траўня) і чацвер (30 траўня) адбудзецца прэм’ерны паказ дакументальнага фільму Максіма Шведа «Чыстае мастацтва» зробленага сумесна з тэлеканалам «Белсат». На першы погляд падаецца, што фільм апавядае пра абстрактны жывапіс. Аднак насамрэч фільм паказвае спецыфіку беларускай рэчаіснасці.
Прэм’ерны паказ «Чыстага мастацтва» адбудзецца ў Кракаве:
Аўторак, 28 траўня, 13:30 | Kino Pod Baranami, Чырвоная зала
Чацвер, 30 траўня, 19:00 | Scena AST. Пасля паказу сустрэча з рэжысёрам
Рэжысёр фільма, юрыст па адукацыі, некалькі гадоў таму кінуў бізнес, каб заняцца кіно. Скончыў Вышэйшую школу рэжысёраў і сцэнарыстаў у Санкт-Пецярбургу і школу Анджэя Вайды. Яго мэта – паказаць сваю краіну, без стэрэатыпа пра «апошняю дыктатуру Еўропы». Для гэтага была абрана адна з самых незвычайных перспектыў – паказаць феномен незлічоных рознакаляровых квадратаў і прастакутнікаў, якія таямнічым для замежнікаў чынам зʼяўляюцца на сценах будынкаў у Менску.
Фільм – гэта дыялог Зіна і Іны: супрацоўніц Жыллёва-эксплуатацыйнай службы (ЖЭС) з беларускім мастаком абстракцыяністам Захарам Кудзіным. Жанчыны кожны дзень, на працягу доўгіх гадзін, старанна зафарбоўваць графіці рознакаляровымі квадратамі і прастакутнікамі. Горад міжволі становіцца галерэяй твораў нагадваючых супрэматызм Казіміра Малевіча. Натхнёны бясконцымі геаметрычнымі фігурамі, Кудзін стварае свае кампазіцыі на палатне.
Гэта вулічнае мастацтва жартам называюць ЖЭС-АРТам, хоць у беларускім мастацтвазнаўстве з’явіўся больш прафесійны тэрмін: фундаментальны супрэматызм, «фупрэматызм». Прыклады працы муніцыпальных служачых можна ўбачыць у групе на facebook.
[Якуб Бернат] – Пра што гэты фільм? Ён не канца пра мастацтва?
[Максім Швед] – На пачатку я і мае партнёры баяліся, што фільм будзе расцэнены як раз толькі як фільм пра мастака і творчасць. Мы ж хацелі, каб мастацтва, прадстаўленае ў фільме, на самай справе паказвала адлюстраванне абсурду. Гэта тычацца атмасферы, адчувальнай для тых, хто прыязджае ў Беларусь. Гэта цяжка апісаць, хоць ёсць асобныя артыкулы па гэтай тэме, але не хапае дакументальных фільмаў.
– Для гледача можа быць абсурдным, што пад час здымкаў да вас часта падыходзілі міліцыянты і патрабавалі паказаць дазвол на маляванне.
– Адзін міліцыянт падышоў, калі мы малявалі каля сцяны, на якой было шмат мастацкіх акцый, прысвечаных сацыяльным пратэстам. У іншых месцах было не так складана, хоць адзін выпадак заслугоўвае згадкі. Мы здымалі помнік Леніну ў цэнтры гораду, з «ліпавым» дазволам. Да нас падышоў міліцыянт і спытаў, што мы робім? Я сказаў, што здымаем фільм пра «чысціню ў горадзе», і ён адразу перастаў нас турбаваць. Польскі аператар быў уражаны, што гэты аргумент быў такі пераканаўчы.
– Адным з важных аспектаў фільму з’яўляецца амаль маніякальная чысціня – фірмовы знак Беларусі. Найбольшая чысціня там, дзе ездзіць Лукашэнка. У цэнтры Менску аб парадку нон-стоп клапоціцца «спецназ чысціні» пад назвай Упраўленне «Цэнтр». У фільме менавіта яго супрацоўнікі ўзмоцнена змагаюцца з графіці.
– Гэта нават не постсавецкая, а наша савецкая рэчаіснасць. Я ведаю, што галоўныя вуліцы атрымалі спецыяльныя тэрміны «вуліцы спецыяльнай увагі» або «вуліцы важных людзей». І яны прыбіраюць там нават не 12 гадзін, а 24 гадзіны ў суткі. Нават у начны час, у сярэдзіне зімы, калі на вуліцах няма ні турыстаў, ні службовых асобаў.
– Такім чынам, фільм аб канкрэтнай апантанасці беларускіх уладаў у справе ўкаранення парадку.
– У беларускай ментальнасці «чысціня і парадак» з’яўляюцца амаль нацыянальнай ідэяй. Гэтага прытрымліваюцца ўсё пласты грамадства. Ніхто не скажа, што чысціня – гэта дрэнна. Аднак, на самай справе размова ідзе пра нешта большае, чым «чысціня і парадак». Пра тое, што абʼядноўвае стэрыльнасць з палітыкай. Зафарбаваць патрэбна ўсё, што хоць неяк вылучаецца.
– Магчыма, гэта звязана з тым, што Беларусь de facto зʼяўляецца сацыялістычнай краінай. Дзяржава дае працу людзям і павінна іх заняць, даючы нават даволі абсурдныя заданні.
– Я думаю, што гэта не да канца так – працытую меркаванне майго мастацкага кіраўніка Яцэка Блавута (вядомы польскі дакументаліст. – belsat.eu), яно можа быць нават крыху абразлівым, але гэта не так. Гэтая сітуацыя падобна на жыццё бедных людзей, напрыклад шматдзетных семʼяў. Часта бывае так, што іх дзеці заўсёды вельмі чыста і акуратна апранутыя. Гэта жаданне паказаць, што мы нармальныя. З намі ўсё ў парадку.
– Пацешна бачыць, як гераіні бяруцца зафарбоўваць надпіс «Мая краіна Беларусь» – які з’яўляецца галоўным дэвізам лукашэнкаўскай прапаганды.
– Як вы можаце бачыць, гэта не пытанне цэнзуры. Мы хацелі напачатку назваць фільм «Мастацтва цэнзуры», але аказалася, што гэта не так.
– «Чыстае мастацтва» – гэта гульня слоў. ЖЭС-АРТ – мастацтва, створанае апантанасцю чысціні.
– Гэтую двухсэнсоўнасць можна пачуць у польскай, беларускай і расейскай мовах. У ангельскай мове «Pure art» не паказвае двайны сэнс, той іроніі – гэта мастацтва ці не мастацтва.
– Удзельнікамі вашай групы былі палякі.
– Аператарам быў Гжэгаж Хартфел, мантаваў Пётр Бодак. І гэта было важна для фільма. Нашы людзі не заўважаюць шмат рэчаў, яны ходзяць пратаптанымі сцежкамі. Чалавек, які прыходзіць звонку, бачыць чысціню, парадак і ментальнасць. Паўстае жаданне неяк гэта зафіксаваць.
– Фільм падрабязна паказвае суровую эстэтыку менскіх шматпавярховікаў.
Эстэтыка праекту – заслуга аператара. Яцэк Блавут сказаў, што фільм павінен быць вельмі дакладны. Я вырашыў, што ўсё будзем здымаць на штатыве. Мантажыст таксама прыехаў у Менск, каб цалкам зразумець атмасферу.
– Надпісы зафарбоўваюць і прыбіраюць не толькі ў Беларусі.
– Але ў нас гэта вельмі цэнтралізавана. У розных краінах і гарадах таксама іх зафарбоўваюць – напрыклад, у Лодзі такіх квадратаў ня менш. У Вільні за гэта плацяць домаўладальнікі, і гэта іх выбар – зафарбаваць ці не. Ці, напрыклад, «Памаранчавая Альтэрнатыва» у Польшчы была проста рэакцыяй на зафарбоўку антыўрадавых надпісаў. Гэтай тэмай займаюцца і ў іншых краінах. У ЗША быў зняты дакументальны фільм «The Subconcious Art. Of Grafitti Removal» (Падсвядомасць мастацтва выдалення графіці).
– Менск вельмі савецкі горад, але і там ёсць такія месцы, як хіпстэрская вуліца Кастрычніцкая, якая пакрытая велізарнымі графіці, ёсць шмат бараў, дзе праводзяцца мастацкія мерапрыемствы. Чаму ўлады дазволілі такі «непарадак».
– Верагодна, дайшлі глабальныя тэндэнцыі і вырашылі зрабіць гета, дзе мастакі змогуць працаваць. Але яны кантралююць, каб там не было сацыяльных пасылаў. Гэта не свабоднае мастацтва, няма такога «рабіце тое, што вы хочаце».
– Улады сталі рабіць стаўку на Малевіча?
– Выглядае, што так.
З Максімам Шведам размаўляў Якуб Бернат.
ЯБ/АМ/ belsat.eu
«Чыстае мастацтва: Польшча, Беларусь | 2019 | дакументальны фільм | 52 хв.
Фільм зроблены супольна з тэлеканалам «Белсат».
ЗДЫМКІ
Гжэгаж Хартфел
СЦЭНАРЫЙ
Максім Швед, Лукаш Чайка
ГЕРОЙ ФІЛЬМУ
Захар Кудзін
ГУК
Артур Валашчук
МАНТАЖ
Пётр Бодак
ВЫТВОРЧАСЦЬ
Магдалена Баравец (Square Film Studio sp. z o.o.), Таццяна Матысяк