Беларускія прадпрыемствы працягваюць гандаль з ДНР і ЛНР. «Белсат» знайшоў яшчэ адну схему


Цягам усяго мінулага года беларускія тавары абыходнымі шляхамі траплялі ў акупаваныя Расеяй Данецкую і Луганскую вобласці Украіны. Гандаль паміж Беларуссю, ДНР і ЛНР працягваецца і цяпер. І гэта пры тым, што афіцыйны Кіеў ужо звяртаў увагу беларускага МЗС на магчымыя санкцыі для беларускіх кампаніяў за гандаль з Данецкам і Луганскам. Як працуе чарговая схема, разбіраліся журналісты «Белсату».

Кіроўцы-міжнароднікі на ўмовах ананімнасці пацвердзілі нам, што рэгулярна возяць тавары на тэрыторыю непрызнаных рэспублік. У асноўным у ДНР і ЛНР паступаюць беларускія харчы.

Паводле адмысловага сэрвісу для дальнабойнікаў lardi-trans.com можна вызначыць, наколькі часта на захопленыя ўкраінскія тэрыторыі трапляюць тавары з Беларусі. У прыватнасці вядома, што тавары ў ДНР і ЛНР пастаўляе баранавіцкая птушкафабрыка «Дружба», Жабінкаўскі цукровы завод і берасцейскі лікёра-гарэлачны завод «Белалка».

Адзін з кіроўцаў распавёў нам наступнае: «Мае калегі рэгулярнага вазілі тавары ў Данецк і Луганск, спачатку гэта было выгадна, але паступова заробкі сталі падаць. А таксама пачасціліся выпадкі, калі замоўца не разлічваўся за тавар, самыя разумееце, што нечага дабіцца ў тых умовах, у якіх цяпер жыве Данбас, практычна немагчыма. Як правіла, тавар ішоў з падвойнымі дакументамі. Адныя дакументы афармляліся да Растова, а потым там іх выкідалі, рабіліся новыя», – распавёў нам кіроўца.

Да прыкладу, у снежні 20 тонаў курыцы ў Данецк паставіла баранавіцкая фабрыка «Дружба», што відаць з вось гэтай замовы на скрыншоце.

Скрыншот з сайту для дальнабойшчыкаў. З Жабінкі і Жэмчужнага шукаюць перавозчыкаў у Макееўку ды Луганск.

Мы патэлефанавалі ў прадпрыемства, дзе нам заявілі, што «Дружба» возіць тавары ва ўкраінскі Данецк і адмовіліся ад любых далейшых каментароў. Але ўжо ў гэтым годзе «Дружба» шукае перавозніка, які даставіць 40 тонаў курыцы ў іншы акупаваны ўкраінскі горад – у Макееўку. Аплату за дастаўку тавару ва ўкраінскую Макееўку абяцаюць у расейскіх рублях, каб даведацца больш падрабязную інфармацыю, трэба падаць платную заяўку на перавоз.

Скрыншоты перамоваў патэнцыйнага перавозчыка з замоўцай

Таксама можна ўбачыць, што невядомая фірма шукае тры машыны для дастаўкі 60 тонаў харчоў у Луганск з Жабінкі. Крыніца belsat.eu сцвярджае, што 20 тонаў з гэтых 60-ці – цукар, які вырабляе Жабінкаўскі цукровы завод.

У прадпрыемстве адказваць на нашыя пытанні адмовіліся. Не каментуе сваёй гандлёвай дзейнасці з ДНР і берасцейскі лікёра-гарэлачны завод «Белалка».

Hавiны
Пасля расследавання «Белсату» амбасада Украіны звярнулася з афіцыйнай нотай у МЗС Беларусі
2018.11.20 17:17

ХВ, belsat.eu

Стужка навінаў