Беларускія пілігрымы ў Кракаў могуць стаць аўтарамі фільму пра саміх сябе


Праект «Падарожжа ў Кракаў» заклікае пілігрымаў рабіць кароткія відэасюжэты пра паездку на Сусветныя дні моладзі ў Польшчу.

Тысячы маладых католікаў сёлета адправяцца на Сусветныя дні моладзі ў Кракаве, каб спаткацца з Папам Рымскім Францішкам.

Аўтары праекту «Падарожжа ў Кракаў» раяць удзельнікам паломніцтва з усяго свету рабіць відэананаткі пра сваю вандроўку з дапамогай камер або мабільных тэлефонаў, а пазней даслаць ролікі на адмысловую старонку Podrozdokrakowa.org.pl. На ёй з дасланага відэаматэрыялу будзе стварацца штодзённа новы дакументальны фільм, бо кожны дзень чакаюцца новыя ўдзельнікі і запісы.

«Кожны з пілігрымаў можа стаць таксама творцам фільму пра сёлетнія Сусветныя дні моладзі. Стужка гэтак магла б паказаць разнастайнасць свету, але ў той жа час падкрэсліць адзінства людзей. Мы кожнаму даем магчымасць выказацца і пабудаваць уласны аповед пра падзею», – адзначыў Belsat.eu аўтар праекту Яцэк Тальчэўскі (Jacek Talczewski).

Арганізатары прапануюць здымаць сябе, сваіх сяброў, навакольны свет і гэтак далей. Моманты радасці, развагі, малітвы ці суму, турыстычныя аповеды або цікавыя выпадкі таксама могуць увайсці ў фільм. Вітаецца таксама арыгінальны аўтарскі падыход ў паказе тэмы.

«Гэта можа быць таксама відэа пра сімвалічнае падарожжа, калі чалавек не можа сам паехаць у Кракаў, але ён духам там прысутны, салідарызуецца з удзельнікамі Сусветных дзён моладзі, і робіць пра гэта сюжэт», – падкрэсліў спадар Яцэк Тальчэўскі.

Аўтары праекту чакаюць 2-3 відэазапісы кожны дзень, аднак падкрэсліваюць, што будуць радыя атрымаць і больш. Асобы, якія зарэгіструюцца на старонцы, будуць мець магчымасць пакідаць свае заўвагі і каментары.

«Наш дакументальны фільм будзе інтэрактыўным. Кожны можа яго ствараць, а гледачы змогуць самі выбраць сюжэтную сцежку, абіраючы канкрэтныя відэафрагменты ды іх паслядоўнасць», – заўважыў спадар Тальчэўскі.

Свае ролікі на праект ужо даслалі ўдзельнікі з Польшчы, Францыі, Бразіліі ды Грэцыі. Арганізатары чакаюць таксама відэа і ад беларускіх пілігрымаў.

Відэа ад каталіцкай моладзі з Францыі

Сусветныя дні моладзі – гэта каталіцкі зʼезд, арыентаваны на маладых людзей з усяго свету. Ініцыятарам правядзення гэтага свята стаў Папа Рымскі Ян Павел II, які ў 1986 годзе прапанаваў адзначаць Сусветныя дні моладзі рэгулярна. Цяпер яны праводзяцца раз у два-тры гады.

Апошнія Сусветныя дні моладзі адбыліся 23-28 ліпеня 2013 года ў Рыа-дэ-Жанейра ў Бразіліі. Сёлета Сусветныя дні моладзі адбудуцца ў Кракаве ўжо 31-ы раз ды будуць трываць з 25-га да 31-га ліпеня. Падчас зʼезду моладзь спаткаецца з Папам Рымскім Францішкам, будзе ўдзельнічаць у начным малітоўным чуванні разам з пантыфікам ды возьме ўдзел у Імшы, якую адправіць Святы Айцец.

Частка пілігрымаў з Беларусі ўжо вырушыла 20-га ліпеня ў Польшчу  на адмысловым цягніку з Горадні. Да 25-га ліпеня беларуская моладзь будзе жыць у каталіцкіх семʼях у Седльцах, а потым паедзе далей у Кракаў.

Некаторыя беларусы адправяцца на Сусветныя дні моладзі на асабістых аўтамабілях або аўтобусах.

Афіцыйны гімн Сусветных дзён моладзі-2016 пераклалі раней на беларускую мову.

Віктар Шукеловіч, belsat.eu

Стужка навінаў