Беларускія музыкі пра жыццё онлайн падчас каранціну: «Нязвыкла глядзець у камеру ўвесь час»

У Беларусі афіцыйна каранціну няма, але некаторыя захады робяцца – як дзяржавай, гэтак і самімі грамадзянамі. Шмат людзей засталіся без працы – напрыклад, экскурсаводы, зубныя тэхнікі, прадаўцы сувеніраў. Музыкі, на жаль, аказаліся таксама ў цяжкай сітуацыі: канцэрты перанесеныя на невядомы час, а летнія фестывалі пад пагрозай зрыву. Мы паразмаўлялі з некаторымі вядомымі рок-музыкамі пра тое, як яны пачуваюцца, што робяць у самаізаляцыі ды як перажываюць гэты каронавірусны этап жыцця.

Адменены канцэрт барда Шалкевіча онлайн – 19 сакавіка толькі на «Белсаце»

Павел Трыпуць, гурты OpTeamist Project, Volski, Krambambula, Trubetskoy, The Superbullz

«Я цалкам падтрымліваю самаізаляцыю! Бо трэба ж разумець што гэта ня толькі дзеля асабістай бяспекі, але ж і для прыпынення распаўсюду вірусу, і каб шпіталі ды лекары паспявалі рабіць сваю працу! Пры гэтым я разумею, што не ва ўсіх самаізалявацца атрымоўваецца, бо афіцыйнага каранціну няма, і шмат каму трэба выходзіць на працу».

Павел Трыпуць. Фота: уласны архіў

Музыка сядзіць у хаце разам з чатырохгадовым сынам. Не гледзячы на тое, што ільвіная доля часу надаецца малому хлопчыку, ён паспявае пісаць музыку, рэпетаваць, даваць урокі гітары для вучняў па Skype і Zoom, а таксама ўдзельнічаць у онлайн-канцэртах:

«Гралі з гуртом Volski такі канцэрт. Было вельмі крута, хаця і не звыкла ўвесь канцэрт глядзець у камеру. Плануецца онлайн-выступ з Superbullz. Канешне, зараз цяжкія часы для ўсіх музыкаў ды творчых людзей, але не трэба падаць духам! Трэба рабіць сваю справу, шукаць новыя магчымасці для самавыяўлення, пашыраць свой рэсурс! А таксама падтрымліваць адно аднаго!»

Ігар Варашкевіч, гурт «Крама»

Лідар гурта «Крама» парушае рэжым самаізаляцыі. Тыдзень таму ён перанёс запланаваную аперацыю на руцэ, і кожны дзень вымушаны ездзіць у шпіталь на перавязкі. Ігар, час ад часу, шпацыруе ў адзіноце па яблыневаму саду, але звычайна сядзіць у хаце:

«Песні не пішу, бо не магу граць на гітары. Увогуле, практычна нічога не магу рабіць рукамі. Вымушаны глядзець тэлевізар… Уключаю, напрыклад, канал Viasat History, і гляджу ўсё пра пасляваенныя планы Гітлера. Учора з задавальненнем пераглядзеў фільм «Матылёк» 1973 г., са Стывам МакКўінам і Дастынам Гофмэнам у галоўных ролях».

Ігар Варашкевіч. Фота: уласны архіў

Беларусам Ігар жадае здароў’я і моцы, а таксама паменей слухаць «адмыслоўца ва ўсіх сферах».

Сяргей Башлыкевіч, гурт Leibonik

«З большага працую з дому (дзякуй, што ёсць такая тэхнічная магчымасць). Да таго ж, практыкуем з жонкай выезд на 3-4 дні на сяброўскае лецішча за межы гораду – вось дзе максімальная самаізаляцыя. З гуртом таксама перайшлі на дыстанцыйны фармат працы – больш дэталёва прапрацоўваем свае партыі і займаемся індывідуальна».

Сяргей Башлыкевіч. Фота: уласны архіў

Сяргей – адзін з першых адгукнуўся на прыход каронавіруса іранічным рэпам. А наконт адмененых канцэртаў, ён не пераймаецца і не маркоціцца, а ўспрымае ўсё з гумарам:

«Толькі мы планавалі выйсці са спячкі і даць вялікі рок-канцэрт у Менску, як пачалася ўся гэтая трасца! Мы вымушаны перанесці на травень сольнік у клубе «Брюгге», і на невядомую будучыню – канцэрт з гуртом Recha у Віцебску. Магчыма, Сусвет падумаў, што мы яшчэ не гатовыя да славы, грошай, лейблаў і ўсяго такога… Затое, зайгралі онлайн-акустыку ў арт-сядзібаўскім праекце «Бяспесны LIVE», і ўжо аблізваемся на онлайн-электрыку».

Раман Жыгараў, гурт Akute

Акцыю «Можаш – сядзі дома!» басіст гурта Akute падтрымлівае сваім прыкладам. З восені ён працуе ў IT-сферы, у хатнім рэжыме. Адначасова, Раман актыўна працуе над запісам новага матэрыялу. Гэта будзе ўжо шосты альбом у дыскаграфіі Akute. Застаецца час і на онлайн-выступы:

Раман Жыгараў. Фота: уласны архіў

«Гэта вельмі дзіўна выглядае, але онлайн-канцэрты даволі эфектыўныя, бо на гэтыя стрымы збіраецца шмат народу. Зараз такі час, і мы змяняемся разам з гэтым часам. А беларусам я хацеў бы параіць, па магчымасці, заставацца ў хаце! Зараз трэба максімальна абмежаваць стасункі з іншымі людзьмі. Паклапаціцеся пра сваіх бацькоў! І абавязкова заставайцеся моцнымі! Мы – беларусы, мы – моцныя!»

Лявон Вольскі, гурты Volski, Krambambula

«Болей за тыдзень сяджу на вёсцы. Калі ўжо самаізалявацца, дык самаізалявацца! Трэба ж дапамагчы нашым лекарам, у якіх і без новых пацыентаў звыш багата працы! Тут, на вёсцы, хапае справаў, але і песні часам нараджаюцца.

Большасць жывых канцэртаў перанесеныя на няпэўны час, прыкладна на восень. З музыкамі даўно не збіраліся на рэпетыцыі, але паспелі зайграць з гуртом Volski адзін онлайн-канцэрт – на Дзень Волі».

Лявон Вольскі. Фота: уласны архіў

З онлайн-канцэртамі, Лявон пайшоў далей, чым калегі па музычнаму цэху. Музыка плануе акустычны онлайн-тур пад назвай «World Online Tour Stay home». Усе выступы будуць праходзіць а 20:00 па мясцовым часе.

Афіша онлайн-канцэртаў Лявона Вольскага

А беларусам Лявон Вольскі жадае:

«Трываласці, моцы і ўпэўненасці! Усё будзе добра! Трэба толькі крыху пачакаць!»

Гутарыў Алесь Дзянісаў Belsat.eu

Hавiны