Нашая Лэдзі Макбэт з XIII стагоддзя – Марта

У першым выпуску цыклу «Беларускія феміністкі» мы захапляліся цнотаю і дабрачыннасцю святой Еўфрасінні Полацкай. А ўладалюбству і жорсткасці наступнай нашай гераіні можа пазайздросціць і сама Шэкспіраўская Лэдзі Макбэт!

Зазначым, што выкарыстаны панятак «феміністкі» – умоўны і ў тэксце азначае эмансіпаваных для свайго часу жанчын, якія мелі мужнасць пайсці насуперак грамадскім стэрэатыпам і пакінуць свой след у гісторыі. Усю падборку артыкулаў вы знойдзецк па тэгу “беларускія феміністкі”.

Здарылася гэтая гісторыя ў ХІІІ стагоддзі, калі на беларускіх землях толькі распачыналася рыцарская эпоха. У Наваградку княжыў тады Міндоўг, які карыстаўся вялікім аўтарытэтам за сваю гнуткасць і разумную палітыку. Не зважаючы на пагрозу з боку крыжакоў і мангола-татараў, ён здолеў утварыць моцнае княства, умацаваўшы свае пазіцыі шлюбам з твярской княжной. З ім сталі лічыцца ў Еўропе, замест «здзічэлага варвара» яго з павагаю клікалі «князем-рыцарам». Аднак раптоўнае пачуццё да жанчыны змянілі не толькі лёс князя, але і ходу гісторыі!

Як адна жанчына ўзнесла і патапіла першага і апошняга караля Літвы

Марта і Міндоўг

Марта была замужняй князёўнай. Гісторыя ўтойвае падрабязнасці знаёмства Марты і Міндоўга, аднак, давайце, проста ўявім сабе які-небудзь чарговы пір пасля вайсковага паходу, дзе Міндоўг дзяліў чарку мёду са сваім верным паплечнікам літоўскім князем Вісмантам і нечакана ўпадабаў ягоную маладую і прывабную жонку.

У тыя часы адзюльтэр жонкі з высокапастаўленым вяльможам мог запраста прасунуць Вісмонта па службе.

Але разліковую Марту менш за ўсё клапаціў яе «рагаты» муж. Яна думала толькі пра тое, як не страціць прыхільнасць уплывовага каханка. Каб утрымаць Міндоўга, яна стала не проста яго каханкай, але і самым уплывовым дарадцай. І не проста дарадцай, а хітрушчай маніпулятаркай.

Сам Макіявелі мог бы няблага павучыцца ў Марты пераручанай тактыцы прыходу да ўлады. На пачатку Марта перасварыла Міндоўга з ягонымі сваякамі, потым намовіла яго пазбавіцца самага блізкага сябра і паплечніка князя Вікінта, які паспеў збегчы і далучыцца да лівонскіх рыцараў, жмудзінаў і яцвягаў. Пачалася жудасная міжусобіца.

Каранацыя Міндоўга. Ці была б магчымаю без Марты? Гравюра з кнігі Л. Ходзькі «La Pologne», 1824.

Нарабіўшы сабе ворагаў з усіх бакоў, разгублены Міндоўг ізноў слухаецца парады сваёй каханкі, якая знаходзіць, як выкруціцца і ў гэтай сітуацыі. Каб перацягнуць лівонцаў на свой бок Міндоўг становіцца каталіком. Цалкам магчыма, што менавіта ў гэты час пачынаюцца перамовы пра каранацыю.

Пры гэтым усім патаемныя пяшчоты каханкаў даюць свой плён – Марта (О, дзіва!) зацяжарыла. Для Марты выбар быў простым – або ганьба, або злачынства і магчымая перспектыва стаць каралевай. Яна ўгаворвае Міндоўга на чарговае забойства – свайго «нязручнага» мужа Вісмонта. «Его же убіл Міндовг і жену его взял», – паведамляе холмскі летапіс. За гэтым крочыць ланцужок наступных забойстваў: загадкавым чынам забітыя браты Вісмонта і жонка Міндоўга. «Расчысціўшы» ўсе перашкоды вялікі князь жэніцца ўрэшце з Мартаю, а ў 1253 годзе становіцца першым і апошнім каралём старажытнай Літвы.

«Карона ўпала»

Фота з архіву belsat.eu

Марта дасягнула чаго хацела. Аднак трон, карона і каталіцызм сталі для Міндоўга пачаткам канца. Ад наваспечанага караля адварочваюцца ўсе, павага падданых канчаткова страчаная. Лівонскі ордэн нападае на жмудзінаў. Пануе ўнутраная вайна. Усё прыводзіць да таго, што ў 1260-м годзе Міндоўг дэманстратыўна адракаецца ад каталіцтва і кароны. Для Марты гэта стала невыноснай паразай. Пазбавіўшыся тытула каралевы і магчымасці стаць родапачынальніцай дынастыі Міндоўга, яна пачынае моцна хварэць.

А Міндоўг тым часам цалкам вяртаецца да паганства і пачынае паляваць на рыцараў-лівонцаў. Марта канчаткова зваряцела, калі тых пачалі прыносіць у ахвяру багам і дэманстратыўна паліць у святых гаях.

У 1262-м годзе памірае першая і апошняя каралева Літвы, аднак нават перад смерцю гэтая непатапляльная жанчына не магла не ўчыніць шкоды. Каб абараніць сваіх дзяцей, яна вымушае ад свайго мужа клятву ўзяць у жонкі сваю сястру. Тое, што сястра была замужам, абсалютна нікога не спыніла і Міндоўг пры жывым мужы Даўмонце жэніцца чарговы раз. Гэтае злачынства стала апошнім для беларускага Макбета. Зганьбаваны нальшанскі князь арганізуе змову і Міндоўга забіваюць.

Магчыма, Марта – не самы пазітыўны прыклад беларускай феміністкі, але без перабольшання – гэта жанчына з «жалезнымі або нават са сталёвымі яйкамі», якая, прагнучы ўлады, змяніла хаду беларускай гісторыі.

Чытайце таксама:

Беларускія феміністкі. Еўфрасіння Полацкая

Беларускія феміністкі. Як «дзікунка» сталася Валькірыяй і хадзіла з жаніхом на мядзведзяў

Паўліна Валіш, belsat.eu

Hавiны