Беларускі з Іспаніі пра жыццё ў каранціне: «Выходзіш на балкон і робіш разам з суседам руханку»


Перапоўненыя шпіталі ды крэматорыі, нястача медыкаў і апаратаў вентыляцыі лёгкіх, лядовы палац у Мадрыдзе, які часова ператвораць у морг. А яшчэ больш за 2300 памерлых ад каронавіруса і самая катастрафічная для Іспаніі сітуацыя з часу грамадзянскай вайны 1936–1939 гадоў. На раніцу 24 сакавіка на «Ковід-19» у гэтай еўрапейскай краіне захварэлі больш як 35 тысяч чалавек. Гэта другі пасля Італіі агмень пандэміі ў Еўропе. Як сёння жыве краіна пад каранцінам, belsat.eu распавялі беларускі з Мадрыду і Каталунні.

Людзі выйшлі на ланч на балкон у Барселоне.
Фота: Marta Pérez / EFE / Forum

Пацярпелі невялікія прадпрыемствы

«Колькасць захварэлых у Іспаніі расце з кожным днём, аднак мне падаецца, што гэтыя лічбы заніжаныя як мінімум у тры разы. Я камунікую з рознымі групамі людзей, і ў кожнай з іх ёсць хтосці са знаёмых, хто захварэў на каронавірусную інфекцыю, – распавядае Паліна Маеўская, лінгвіст, псіхолаг, заснавальніца тэлекамунікацыйнай кампаніі NashMovil (Мадрыд, Іспанія).

Як выглядае сітуацыя ў Мадрыдзе? Выходзіць на вуліцу дазваляецца толькі ў выключных момантах – за прадуктамі, у аптэку, каб выгуляць сабаку. У апошнім выпадку нельга адыходзіць больш чым на 100 метраў ад дому, паколькі раней людзі выкарыстоўвалі магчымасць выгулу сабакі як паўнавартасную прагулку. Калі ёсць неабходнасць ісці на працу, з сабою неабходна мець сертыфікат, які выдаецца ад працадаўцы – там указваецца адрас твайго пражывання і адрас, па якім ты працуеш. У выпадку парушэння правілаў каранціну прадугледжаны буйны штраф.

Паліна Маеўская.
Фота: уласны архіў

Урад Іспаніі ўвесь час стымулюе развіццё дробнага прадпрымальніцтва, невялічкіх прадпрыемстваў. Таму іх тут досыць шмат. Дык вось яны акурат пацярпелі ў першую чаргу. Я працую з расейскамоўнымі кліентамі, якія карыстаюцца мабільнай сувяззю – гэта пераважна студэнты з Казахстану, Расеі, Украіны, Беларусі. Шмат хто з іх з’ехаў цяпер на радзіму, таму працы стала нашмат менш. Тое, што магу рабіць анлайн, раблю з дому. Увогуле зараз думаем пра тое, як знайсці гэтак званы залаты баланс – больш выкарыстоўваць магчымасцяў падчас каранціну, каб перафарматаваць нашую працу ў іншы рэжым. Працую з офісу толькі ў самых скрайніх выпадках, калі не магу гэта зрабіць аддалена.

Цяпер пару словаў пра наш транспарт. Мадрыд – горад вялікі, і каб дабрацца з аднаго канца ў іншы, часам патрэбна гадзіна-паўтары, а то і болей. Таму без яго ніяк. Аднак калі на пачатку эпідэміі грамадскі транспарт выкарыстоўваўся прыкладна на 40 адсоткаў, то цяпер толькі на 10.

Панікі ў крамах я не назіраю, хаця, да прыкладу, у першы дзень закрыцця школаў заўважыла, што больш танныя крамы карысталіся большым попытам – там раскупалі пераважна свежую гародніну. Так, нават не макароны і грэчку, а гародніну.

Hавiны
«Страцілі вельмі шмат грошай». Як каранцін паўплываў на працу беларусаў за мяжой
2020.03.23 20:07

Цяпер усяго хапае, закупіцца прадуктамі можна без праблем. Аднак у крамы запускаюць абмежаваную колькасць людзей. Што ж да онлайн-закупаў, то часам узнікаюць праблемы – кур’ерская дастаўка зараз карыстаецца вялікім попытам.

Мне падаецца, што гэты час дазволіць на шмат якія рэчы паглядзець па-іншаму. Нават у такой няпростай сітуацыі варта шукаць плюсы і адкрываць для сябе новыя магчымасці. Я, да прыкладу, знайшла новыя вонткі ў працы, стала больш праводзіць часу з сям’ёй».

«Можна зрабіць тэст на вірус за 15 хвілінаў»

Вольга Улевіч – у мінулым рэдактарка штотыднёвіка («таўстушкі») «Комсомольская правда» в Беларуси». Ужо амаль дзесяць гадоў яна жыве ў Каталунні, арганізуе індывідуальныя і групавыя экскурсіі. Не так даўно на «Белсаце» выйшаў выпуск праграмы «Беларускі свет» з удзелам Вольгі. Разам з мужам і дачкой яна жыве ў невялічкім горадзе каля Жыроны.

«Іспанцы – вельмі дысцыплінаваныя, усе сядзяць удома. Часам, канешне, знаходзяцца тыя, хто парушае каранцін – напрыклад, бегуны. Паліцыя пастаянна патрулюе вуліцы і карае іх рублём. Штраф цяпер складае ў асноўным 300 еўраў, аднак у некаторых выпадках можа дасягаць некалькіх дзясяткаў тысяч еўраў. Калі не спрачацца з паліцыяй, паводзіць сябе карэктна, то выпішуць мінімальны. Калі ж паводзіць сябе агрэсіўна, то могуць нават арыштаваць. Кожны дзень па тэлебачанню падаюць лічбы хворых, памерлых, а таксама затрыманых – тых, хто злосна парушае каранцін. Дык вось, апошніх ужо дзясяткі. Агулам жа 95 адсоткаў іспанцаў – законапаслухмяныя, выконваюць тое, што кажа урад. І самае галоўнае, што людзі вераць інфармацыі, якую падаюць улады, не панікуюць, рэагуюць спакойна і адчуваюць сябе абароненымі.

Вольга Улевіч.
Фота: уласны архіў

Інфармацыя не хаваецца. Да прыкладу, па тэлебачанню паказваюць сюжэты пра тых, хто ўжо перахварэў. Не хаваюць сваёй хваробы і вядомыя палітыкі, артысты, музыкі. Як вядомы ва ўсім свеце оперны спявак Пласіда Дамінга, які паведаміў пра станоўчы тэст на вірус і заклікаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку быць асцярожнымі і прыслухоўвацца да рэкамендацыяў уладаў і медыкаў.

Апошнія ж б’юць трывогу – у нас ужо каля 4 тысяч медыкаў заразілася на «Ковід-19», а гэта значыць, што не стае рук тых, хто ратуе жыцці іншым. Не хапае шпіталяў, масак і халатаў, якія, аднак, мусяць завезці ў бліжэйшы час. Дарэчы, пра шпіталі – каб справіцца з наплывам людзей, прыватныя клінікі, выставачныя цэнтры, якія цяпер не працуюць, гатэлі прадставілі свае плошчы для хворых. Уся краіна скіраваная на тое, каб дапамагаць адзін аднаму – хтосьці спявае вечарам з балконаў, хтосьці выходзіць да вакна і робіць разам з суседзямі руханку…

На пачатку эпідэміі тэстаў было вельмі мала. Цяпер жа, калі колькасць хворых вырасла ў разы, вырасла і патрэба ў гэтых тэстах. Таму ў шмат якіх месцах усталявалі медычныя намёты – едзеш на аўта, прыпыняешся, прыадчыняеш вакно, адкрываеш рот, табе робяць мазок, запісваюць дадзеныя, і ты едзеш далей. 15 хвiлiн і ты ведаешь вынік.

Вольга Улевіч.
Фота: уласны архіў

Што датычыць працы, то яшчэ пару тыдняў таму мы глядзелі на суседнюю Італію і думалі, што нас гэта не закране. Бо і лічбы хворых на той момант былі маленькія, і падавалася, што да нас гэта ўсё ў такой колькасці не дойдзе. Аднак ужо на пачатку мінулага тыдня стала абсалютна інакш: усе мае кліенты адмовіліся ад экскурсіяў – і ў сакавіку, і ў красавіку, і нават у траўні. Так што бліжэйшыя месяцы я сяджу разам з сям’ёй удома і гляджу навіны. Жыццё цалкам стала іншым – раней я за дзень магла прайсці дзясяткі кіламетраў, і пад вечар пералічваць, чаго не паспела зрабіць. Цяпер жа з’явіўся час на тое, каб пераглядзець гэты рытм, гэтае ранейшае няспыннае жыццё. Мне падаецца, што менавіта зараз мы праходзім нейкі рубеж. Мая свякроў мае 85 гадоў, яна днямі сядзіць дома, а прадукты ёй проста дастаўляюць да кватэры. Бо так патрэбна. Бо мы ўсе разумеем, хто зараз у зоне рызыкі і што гэта значыць.

Аб’ектыў
Хроніка каронавіруса
2020.03.23 23:04

Дарэчы, я вось думала, чаму Італія і Іспанія пацярпелі больш за іншых у Еўропе? Чаму ў той жа Нямеччыне, дзе таксама тысячы інфікаваных, няма такой колькасці смерцяў? Гэта і клімат, і адпаведныя рэакцыі ўраду, аднак у першую чаргу, як мне падаецца, прычына ў вобразе жыцця італьянскіх і іспанскіх пенсіянераў, то бок найбольш уразлівай на каронавірус групы людзей. Бо што такое іспанскі пенсіянер? Гэта чалавек, які ўжо з раніцы ідзе за газетамі, потым сядзіць у кавярні і п’е каву, потым размаўляе на плошчы са знаёмымі, потым – гуляе ў даміно з суседзямі… То бок пастаянны актыўны вобраз жыцця, пастаяннае знаходжанне ў людных месцах. А ў той жа Нямеччыне на вуліцах нашмат больш моладзі, якая з большага лёгка пераносіць гэтую хваробу. Што ж да беларускіх пенсіянераў, то яны і не ходзяць асабліва нікуды – толькі што на рынак ды ў краму…. Аднак я асабіста лічу, што ўжо зараз у Беларусі варта ўводзіць жорсткія каранцінныя захады – закрыццё школаў, універсітэтаў здольнае хоць неяк выратаваць сітуацыю, бо менавіта дзеці і моладзь вельмі лёгка перадаюць гэты смяротны вірус сваім бацькам і бабулям-дзядулям…»

Абноўлена
Каронавірус ў свеце і Беларусі. Галоўнае
2020.03.23 21:09

Размаўляў Віталь Бабін Belsat.eu

Стужка навінаў