Беларускі суд стаў на бок «Белсату»


Але распачала расследаванні аб безгаспадарлівасці і кумаўстве ў энергетыцы паўтара года таму – менавіта праграма «Давайце разбірацца». Пасля гэтага некаторыя памянёныя ў іх начальнікі ваяўніча ўзяліся за ачышчэнне сваёй нібыта незаслужана заплямленай рэпутацыі.

На нашага журналіста Станіслава Івашкевіча ў Эканамічны суд падала пазоў кампанія «Белкацёлачыстка», якая ўваходзіць у склад «Белэнерга». Цягам чатырохмесячнага разбіральніцтва на паверхню выплыла шмат цікавага. Кіраўніца кампаніі Валянціна Зіменка патрабавала зняпраўдзіць 11 цытат з расследавання і выплаціць ёй 6 тысяч рублёў кампенсацыі за шкоду дзелавой рэпутацыі.

«Спадар Івашкевіч – заказны журналіст, які вядзе свае нейкія праграмы. Выкарыстоўвае некарэктныя і незаконныя метады. Заходзіць на базы ў начны час, праводзіць нейкія здымкі, робіць нейкія няслушныя высновы», – скардзіцца Валянціна Зіменка.

Суд пастанавіў: у грашовай кампенсацыі «Белкацёлачыстцы» адмовіць.

Наадварот: паводле выраку, гэтая кампанія павінна была выплаціць Івашкевічу больш грошай, чым ён.

З 11 цытат, якія патрабавала зняпраўдзіць «Белкацёлачыстка», судовы вырак забавязаў Івашкевіча зняпраўдзіць толькі 3. Тыя, дзе згадвалася слова «карупцыя».

Гэтае слова, паводле беларускага заканадаўства, можна згадваць толькі пры спасылцы на рашэнне суду ці нейкага праваахоўнага органу.

Прыватная асоба або журналіст рабіць такіх высноваў не могуць, якімі б ні былі доказы.

Затое «Белсату» удалося даказаць у судзе сістэмную схему з прыкметамі карупцыі, якая ахоплівае ўсю энергетыку. У прыватнасці тое, што ўлады аддалі некаторыя галіны абслугоўвання айчыннай энергетычнай інфраструктуры некалькім абраным прыватным фірмам.

Таксама пры дапамозе доследу ў сацыяльных сетках былі знойдзеныя прыватныя сувязі «Белкацёлачысткі» з дзяржаўнымі функцыянерамі «Белэнерга».

Але ўсе нашыя мінулыя расследаванні не давалі адказу на галоўнае пытанне: куды дзяюцца грошы ад усіх апісаных намі схемаў? Бо наўзамен на эксклюзіўны статус у «Белэнерга», прыватныя манапалісты бяруць абавязанне працаваць з рэнтабельнасцю не болей за 10%. Дык як і дзе яны хаваюць свае звышпрыбыткі з даходаў, якія ў разы перавышаюць кошты іх канкурэнтаў на аналагічныя работы? Пра гэта можаце даведацца з чарговага выпуску праграмы «Давайце разбірацца» (відэа вышэй).

Стужка навінаў