«Беларускі рубель будзе аслабляцца». Прагноз курсу валютаў на наступныя два гады


Даследчы цэнтр Інстытуту прыватызацыі і менеджменту (ІПМ) 6 снежня ў Менску прэзентаваў макраэканамічны прагноз на бліжэйшыя два гады. Паводле экспертаў, на канец 2021 года курс долара дасягне ўзроўню 2,4 BYN, а курс еўра – 2,8 BYN.

«Мы чакаем, што ВУП Беларусі будзе меней за свой патэнцыял», – адзначыў дырэктар даследчага цэнтру ІПМ Аляксандр Чубрык.

У ІПМ мяркуюць, што рост ВУП Беларусі па выніках 2019 года складзе 1,2 %, у 2020 годзе – 1 %, у 2021-м – 0,8%. Адзначым, што ІПМ дае больш пазітыўны прагноз для эканомікі Беларусі, чым Сусветны банк. Паводле Сусветнага банку гэтыя паказнікі цягам 2019-2021 гадоў будуць 1 %, 0,9 % і 0,5 % адпаведна.

Намінальны абменны курс, паводле прагнозу ІМП, складзе 2,1 BYN за адзін долар па выніках 2019 года, 2,2 BYN у 2020 годзе і 2,4 BYN у 2021 годзе. Курс еўра будзе 2,4 BYN па выніках 2019 года, 2,5 BYN у 2020-м і 2,8 BYN у 2021 годзе.

«Беларускі рубель цяпер у рэальным выражэнні трохі пераацэнены і ён будзе аслабляцца», – канстатаваў Чубрык.

Эксперты даследчага цэнтру мяркуюць, што сярэдні заробак у Беларусі складзе 1116,1 BYN па выніках 2019 года, 1257,8 BYN у 2020 годзе і 1367,3 BYN у 2021 годзе. То бок, з улікам змены валютных курсаў, сярэдні заробак у наступныя два гады складзе 571 і 569 USD адпаведна.

Аляксандр Чубрык, дырэктар Даследчага цэнтру ІПМ.
Фота: СВ belsat.eu

Аляксандр Чубрык падкрэсліў пры гэтым, што заробак ў Беларусі ўжо даволі даўно расце хутчэй за прадукцыйнасць працы.

«Апошнія чатыры кварталы ўстойліва рост заробкаў перавышае рост прадукцыйнасці працы. Прычым даволі істотна: у апошні квартал гэта каля 7 % розніцы. Калі глядзець у рэальным выражэнні, то разрыў яшчэ больш і яшчэ больш працяглы. Ужо 30 месяцаў запар тэмпы росту заробкаў перавышаюць тэмпы росту прадукцыйнасці працы. Чаму там атрымліваецца? На мой погляд, ключавая прычына ў праблемах на рынку працы – унутранай і вонкавай міграцыі. Плюс гэта звязана з некаторай перадвыбарчай рыторыкай, але гэта тычацца перш за ўсё бюджэтнікаў і пенсіянераў», – адзначаў ён.

Чубрык таксама распавёў, што цяпер ВУП у Беларусі ў асноўным расце за кошт IT-сектара.

«Калі паглядзець з 2010 года, то «інфармацыя і сувязь» былі адзіным відам дзейнасці, які ніколі не падаў, а нават у крызісныя гады рос. Па выніках 10 месяцаў 2019 года ўклад IT-сектара перавысіў сумарны ўнёсак прамысловасці, будаўніцтва і сельскай гаспадаркі», – канстатаваў ён.

Hавiны
Сусветны банк: рост заробкаў беларусаў эканамічна неабгрунтаваны
2019.11.28 12:51

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў