Беларускі кінадакументаліст: «У Сірыйскім Курдыстане ўвесь наш план рассыпаўся»

Где было страшнее – на Донбассе или в Сирийском Курдистане?

На Донбассе или в Сирийском Курдистане, где было страшнее?О том чем отличаются две войны рассказывает беларуский кинодокументалист Сергей Марчик, который только что вернулся со съёмок в Сирии. Больше в интервью тут:https://naviny.belsat.eu/ru/news/belorusskij-kinodokumentalist-v-sirijskom-kurdistane-ves-nash-plan-rassypalsya/

Opublikowany przez «Прасвет» на «Белсаце». Рэальная карціна свету Piątek, 8 listopada 2019

Беларус распавядае пра здымкі фільму ў Сірыйскім Курдыстане. Чым адрозніваюцца войны ў Сірыі і на Данбасе? Сяргей Пеляса распытвае свайго калегу Сяргея Марчыка, беларускага ваеннага рэпарцёра, пра тое, што ён там убачыў.

Твая мара здзейснілася: ты зняў фільм пра Сірыйскі Курдыстан. Там ты трапіў, наколькі я разумею, крыху нечакана ў эпіцэнтр агрэсіі Турцыі супраць курдаў. Якія ўражанні? Як гэта выглядала?

Калі казаць пра мару, то сапраўды, у нас ёсць такая мэта: зняць пра кожную супольнасць курдаў адзін фільм. Мы знялі ўжо пра турэцкіх курдаў, пра іракскіх курдаў, цяпер былі сірыйскія курды. Застаецца яшчэ Іран. Таму мара пакуль што здзейсненая не цалкам.

Што датычыцца таго, як гэта адбывалася. Мы пачалі планаваць наш выезд дзесьці паўтара месяца таму. Зусім іншая мэта ў нас была. Мы хацелі зняць фільм, які б паказаў міжэтнічныя стасункі. То бок Ражава (Rojava), паўночна-ўсходняя Сірыя, – рэгіён, які, можна сказаць, аформіўся не так даўно, шэсць гадоў курды змагаліся за тое, каб гэтая структура паўстала. Вельмі цікавыя там складваюцца стасункі паміж курдамі, паміж арабскім насельніцтвам, паміж туркменскім насельніцтвам, паміж языдамі і хрысціянамі, асірыйцамі. Пра гэта ўсё мы хацелі зняць фільм. Прыкладна праз тры гадзіны пасля таго, як мы перакрочылі іракска-сірыйскую мяжу, накіроўваючыся да гораду Камішлё (Qamişlo), у якім мы мусілі пачаць здымаць наш фільм…

Байцы Сірыйскіх дэмакратычных сілаў. Фота Сяргей Марчык
Баец Сірыйскіх дэмакратычных сілаў. Фота Сяргей Марчык

Па сутнасці, гэта сталіца аўтаноміі, так?

Можна так сказаць. У іх некалькі гарадоў, якія маюць розныя функцыі. Фармальнай сталіцы не існуе. Адзін больш мілітарныя функцыі выконвае – Хасака (al-Ḥasaka, або па-курдску Гясічэ, Hesîçe‎), другі – больш адміністрацыйныя функцыі.

І што, вы ўехалі ў Сірыю, і ў гэты момант Эрдаган атакаваў курдаў?

Праз тры гадзіны пасля таго, як мы перакрочылі мяжу, пачаліся абстрэлы курдскіх паселішчаў.

Баец Free Burma Rangers (злева) і журналіст Конрад Загурскі

Гэта для цябе як для аператара-дакументаліста шчасце ці няшчасце? Падарунак ці нешта нечаканае? Вы былі да гэтага падрыхтаваныя псіхалагічна, тэхнічна?

Ты здымаеш паводле сцэнара, зацверджанага рэдакцыяй, зацверджанага на шматлікіх сустрэчах з людзьмі, якія разам з намі ствараюць гэты фільм. Таму натуральна, увесь наш план рассыпаўся. Нічога прыемнага ў гэтым няма. З іншага боку, мы апынуліся ў сітуацыі, калі мы абсалютна выпадкова трапілі на першыя гадзіны вельмі сур’ёзнай для гэтага рэгіёну падзеі. Гэта практычна канец сірыйскай Ражавы. Калі з гэтага пункту гледжання глядзець, то, натуральна, гэта журналісцкае шчасце, можна так сказаць. Хаця калі ты трапляеш у рэгіён, у якім раптам бачыш разарваныя целы дзяцей, абстрэлы артылерыі, расстраляных жаўнераў, тлум людзей, якія ўцякаюць з краіны, цяжка разважаць пра гэтую справу ў катэгорыі «шчасце» ці «няшчасце».

Наколькі я разумею, вы былі ў той частцы Сірыі, якую за ўсе восем гадоў вайна моцна не закранала.

Натуральна, гэта была самая спакойная частка Ражавы, то бок паўночна-ўсходняй Сірыі. Гэта быў рэгіён, які вельмі стойка абараніўся ад ISIS, калі была вайна паміж курдамі і «Ісламскай дзяржавай». Гэта быў рэгіён, які даволі добра эканамічна развіваўся, бо курды настолькі хутка паставілі там сваю адміністрацыю і настолькі добра зарганізавалі сваё жыццё, што, я б сказаў, яны былі цалкам аўтаномныя і даволі забяспечаныя. Сярэдні заробак адукаванага чалавека – 1000–1500 долараў. Гэта вельмі добра. Людзі вельмі хутка зарганізавалі сістэму, адмянілі значную частку падаткаў, людзі пачалі арганізоўваць свой бізнес, увозіць бязмытныя аўты, што дазволіла людзям перасоўвацца па Ражаве і лепш камунікаваць, гандаль развіваць і так далей.

У выніку агрэсіі Турцыі супраць курдаў туды ўвайшлі асадаўскія войскі, то бок афіцыйныя войскі рэжыму Башара Асада, а з імі, безумоўна, іх саюзнікі – расейцы. Гэта канец мараў пра незалежнасць або прынамсі аўтаномію курдаў у Сірыі ці не?

Я перакананы, што канец, але пакуль мы разглядаем тое, хто туды ўвайшоў, то найменш прыемная частка гэтай мілітарнай аперацыі – FSA то бок Свабодная сірыйская армія, саюзнікі Турцыі. Яны наносяць там найбольшыя страты, таму што туркі ўстрымліваюцца. Калі ёсць амерыканцы на пазіцыі, калі ёсць расейцы на пазіцыі, калі ёсць сірыйскае войска, то туркі трымаюцца на адлегласці. Але FSA не трымаюцца на адлегласці, яны ўвесь час вядуць захоп пункту па пункце. Яны атакуюць мірнае насельніцтва, змушаюць курдаў да перасялення цэлымі вёскамі. Яны былі галоўнай сілай, якая заняла Сэрэканые (Serêkaniyê). Гэта горад недалёка ад мяжы з Турцыяй, дзе адбываліся жудасныя рэчы. Наш пункт, горад Таль-Тамар, быў дзесьці за 30 кіламетраў ад Сэрэканые. Спачатку мы назіралі за тым, якія канвоі прыязджалі з Сэрэканые. Гэта забітыя, гэта велізарная колькасць раненых.

Пахаванне ахвяраў вайны. Фота Сяргей Марчык
Пахаванне ахвяраў вайны. Фота Сяргей Марчык
Пахаванне ахвяраў вайны. Фота Сяргей Марчык

Цывільнае насельніцтва ці гэта былі байцы Сірыйскіх дэмакратычных сілаў?

Па-рознаму. Гэта былі і цывільныя людзі, гэта былі дзеці, якія трапілі на міну выпадкова – палі ўжо былі замінаваныя, калі мы туды прыехалі. Гэта былі ахвяры пасля мінамётных абстрэлаў па горадзе, якія ў асноўным рабіла акурат FSA. Колькасць ахвяраў была велізарная. Пазней мы ўжо перасунуліся бліжэй да Сэрэканые, то бок да апошняга чэк-пойнту, блок-паста на дарозе да Сэрэканые. Тое, што мы там убачылі, гэта ўвогуле быў кашмар.

Ты працаваў таксама на вайне на Данбасе. На пачатку паездкі ў Сірыю ты казаў мне, што на Данбасе было страшней, а Сірыя – гэта так. Цяпер, калі ты вярнуўся, ты змяніў сваё меркаванне? Дзе было цікавей, дзе было страшней? У Сірыі ці на Данбасе?

Гэта заўжды цяжкае пытанне. На Данбасе – іншая вайна. На Данбасе вайна артылерыі, «Градаў». Калі ты ўжо трапляеш у кепскую сітуацыю, то ты разумееш, што ўсё можа скончыцца ў гэты момант. У Сірыі ўсё ж такі да апошняга дня нам шчасціла абмінаць усе артылерыйскія абстрэлы. Дзесьці здалёк стралялі снайперы, дзесьці ляталі мінамётныя зарады, але ўсё гэта было такое дзіцячае. У апошні дзень мы адчулі, што такое артылерыя, танкі і жорсткі абстрэл з боку FSA. Скажу, што сапраўды, гэта былі небяспечныя сітуацыі. Па-ранейшаму Украіна для мяне – гэта артылерыйская вайна, якая можа цябе ў кожны момант закрануць. Абстрэлы снайпераў і мінамётныя абстрэлы – гэта ўсё ж такі штосьці, што вядзецца толькі ў зоне баявых дзеянняў, толькі на лініі фронту. Калі ты там, гэта небяспечна, гэта сапраўды жудасна выглядае, і хочацца хутчэй выехаць. Калі ты далей, то ўсё ж такі ты адчуваеш, што хутчэй за ўсё з табой нічога не здарыцца.

Сяргей, ваш фільм будзе змантаваны і паказаны прыкладна да канца года. Спадзяюся, што і «Белсат» яго пакажа.

Натуральна.

Глядзець іншыя фільмы Сяргея Марчыка

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 01.11.2019

Іншыя тэмы выдання:

Hавiны