Беларускі футбол: рух на еўрапейскі рэкорд


«Дынама» (Берасце) супраць «Іслачы». Манекены замянілі публіку.
Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

Футбольны клуб «Дынама» (Берасце) паспяхова падоўжыў акцыю ў рэалізацыі віртуальных квіткоў на хатнія матчы сваёй асноўнай каманды. Калі за паўфіналам Кубка Беларусі паміж «бела-блакітнымі» ды салігорскім «Шахцёрам» назіралі больш за тры дзясяткі манекенаў з прыладжанымі да кашуляў тварамі тых, хто набыў квіткі ў інтэрнэце з розных краінаў свету, то на матч ужо чэмпіянату краіны супраць «Іслачы», як паведамляе афіцыйны сайт ФК «Дынама» (Берасце), зрэалізавалі значна болей такіх віртуальных квіткоў.

Пашырылася і геаграфія добраахвотных фундатараў клубу, які часткова гэтыя сродкі абяцаўся выкарыстоўваць і на барацьбу з каронавірусам у Беларусі. Цяпер на трыбунах абласнога спартовага комплексу «Берасцейскі» былі заўважаныя віртуальныя заўзятары з Кітаю, Катару, Ірландыі, ЗША ды Аўстрыі. Акрамя таго, віртуальна прысутнічалі і VIP-госці – выбітныя фігуры беларускага ды міжнароднага футболу, журналісты, а таксама футбалісты і трэнеры, якія раней выступалі за клуб «Дынама» (Берасце). Кошт квіткоў у параўнанні з першаю такой акцыяй не змяніўся: усё тыя ж Br 67 (прыблізна $ 27).

«Дынама» (Берасце) супраць «Іслачы».
Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

Але раней і ў крыху іншым фармаце такую акцыю зладзілі ў Нямеччыне. З 19 сакавіка клуб «Лакаматыў» з Ляйпцыгу, які выступае ў рэгіянальнай лізе (4-ты паводле сілы дывізіён чэмпіянату Нямеччыны) прадае квіткі значна таннейшыя, чымся чэмпіён Беларусі: усяго за € 1 на матчы з нябачным супернікам. Мэта – сабраць сродкі на барацьбу з каронавірусам. На сярэдзіну дня 15 красавіка клуб перасягнуў мяжу 130 тысячаў зрэалізаваных віртуальных квіткоў. Паводле Александэра Фойгта (Alexander Voigt), віцэ-прэзідэнта клубу, распачынаючы гэткую акцыю, тут нават не мроілі, што за тры тыдні здолеюць дасягнуць 120 тысячаў гледачоў:

«Мы ў захапленні ад такога падтрымання. І калі гэткая хвацкая гатовасць заўзятараў ахвяраваць уласныя сродкі захаваецца, мы маем магчымасць замахнуцца на еўрапейскі рэкорд».

А дзейны рэкорд быў усталяваны крыху менш як 83 гады таму – 17 красавіка 1937 года, калі на арэне ў «Hampden Park» у Глазга на матч гэтак званага хатняга чэмпіянату Вялікай Брытаніі паміж зборнымі Шатландыі ды Англіі прадалі 147 547 квіткоў. І гэтая лічба дасюль ёсць самаю высокай афіцыйна пацверджанаю колькасцю гледачоў у Еўропе.

Берасцейскі стадыён, 12 красавіка 2020 г.
Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

Аляксандр Пуціла belsat.eu

Стужка навінаў