Беларускі добраахвотнік перайшоў мяжу з Польшчай і атрымаў палітпрытулак


Рустам Док, беларускі добраахвотнік ва Украіне, экс-баец батальёну «Данбас» НГУ, экс-баец ДУК ПС атрымаў палітпрытулак у Польшчы.

Пра гэта ён паведаміў на сваёй старонцы ў Facebook:

«Не адзін раз я, як і іншыя, безвынікова падаваў дакументы для атрымання абяцанага Парашэнкам грамадзянства. Калі стала зразумела, што прэзідэнт нахабна і цынічна хлусіць, падаў дакументы хоць бы на бежанства, але і ў бежанстве ўкраінская Міграцыйная Служба дала адмову «у сувязі з відавочнай неабгрунтаванасцю боязі», а неафіцыйна – «у сувязі з загадам з Адміністрацыі Прэзідэнта Украіны і ў сувязі з тым, што Расея і Беларусь – добрыя дэмакратычныя дзяржавы, дзе нікому нічога не пагражае». Таму ў жніўні 2016 года года я нелегальна перайшоў мяжу з Польшчай, а пасля тыднёвага маршу па лесе і горах ужо на польскім баку звярнуўся з просьбай пра прытулак».

Рустам напісаў на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы, што сёння яму прыйшоў ліст з пацверджаннем статусу бежанца.

Фота Facebook.com

Выснова з усяго гэтага толькі адна: усё, што не змагла і не зможа Украіна – змагла і зможа Польшча. Асобнае «прывітанне» і «дзякуй» тым, хто крычаў і працягвае крычаць, што ў замежных добраахвотнікаў ва Украіне »усё добра«», – дадае ён.

Раней два беларусы, Зміцер Белагорцаў ды «Док», што дапамагалі ўкраінцам на вайне, здаліся польскім памежнікам адразу пасля таго, як выехалі з Украіны. Увесь гэты час яны знаходзіліся ў польскім цэнтры для ўцекачоў. «Белсат» паразмаўляў з украінскім палітыкам Ігарам Гузем пра сітуацыю валанцёраў-беларусаў, якія не дачакаліся ўкраінскіх дакументаў і цяпер шукаюць прытулку ў Польшчы.

У 2014 годзе, адзін з іх, Рустам «Док» прыняў рашэнне паехаць ва Украіну, каб са зброяй у руках абараняць гэтую краіну ад расейскіх акупантаў у складзе ўкраінскага батальёна «Данбас». Паводле яго, літаральна адразу ж улады Украіны ўзялі ягоня дадзеныя нібыта для прадстаўлення ўкраінскага грамадзянства і выдачы афіцыйных дакументаў салдата Нацыянальнай Гвардыі Украіны і ўвосень таго ж году гэтыя самыя дадзеныя апынуліся ў руках у сепаратыстаў і ў інтэрнэце.

«Праз гэтае на маёй вучобе, працы, кватэры і жыцці ў Беларусі можна было паставіць крыж», – кажа ён на сваёй старонцы ў Facebook. – «Пачынаю новае жыццё», – падсумоўвае ён.

ВД, belsat.eu

Стужка навінаў