«Беларускі Данбас»: украінская вайна вачамі беларусаў

«Беларускі Данбас» – кніга пра вайну ва Украіне вачамі беларусаў. Гэта першае ў нашай краіне даследаванне ролі беларусаў і Беларусі ў данбаскай вайне. Першымі даследнікамі і экспертамі гэтай старонкі беларуска-ўкраінскай гісторыі сталі аўтары кнігі, журналісты тэлеканалу «Белсат» Кацярына Андрэева і Ігар Ільяш. Пра гісторыю напісання 500-старонкавага дакументальна-публіцыстычнага і гістарычнага даследавання збройнага канфлікту на Данбасе, разбурэнне міфаў і адкрыццё цёмных старонак гісторыі вайны – у размове з аўтарамі кнігі.

Ідэю кнігі падказала «Советская Белоруссия»

«Усё распачалося фактычна выпадкова: у пачатку 2016 года ў «Советской Белоруссии» выйшаў артыкул «Гастарбайтары вайны», – узгадвае Ігар Ільяш. – Як звычайна, у духу дзяржпрапаганды ў ім гаварылася, што ўсе беларусы, якія ваявалі ці ваююць на Данбасе – злачынцы, і будуць пераследаваныя ў Беларусі. У якасці прыкладу згадвалася затрыманне аднаго з баевікоў у Воршы. Я вырашыў даведацца пра гэтую гісторыю крыху больш і высветліў: гэты чалавек быў затрыманы, але яго адразу ж адпусцілі, і ён вярнуўся ваяваць на Данбас. Мяне гэта вельмі ўразіла, бо наўпрост супярэчыла таму, што казалі і спецслужбы, і Лукашэнка, які абяцаў разабрацца з кожным. Стала зразумела, што ўлада хлусіць, і я пачаў капаць далей».

Ігар Ільяш і Кацярына Андрэева

Тэма Данбасу ў Беларусі – гэта комплекс міфаў

«Шмат хто і дагэтуль упэўнены, што нейтралітэт Беларусі ў расейска-ўкраінскім канфлікце датрымліваецца: мы нібыта ні за адных, ні за другіх. Насамрэч, і гэта галоўная думка нашага расследавання, Лукашэнка і ягоныя спецслужбы заставаліся надзейнымі хаўруснікамі пуцінскай Расеі. А паводзіны беларускіх спецслужбаў можна ахарактарызаваць як злачынную бяздзейнасць і нават – злачыннае патуранне. Яны дазвалялі беларускім грамадзянам далучацца да нелегальных узброеных фармаванняў, затым спакойна адпачываць у Беларусі, мяняць дакументы і ізноў вяртацца на вайну. І гэта быў не нейкі «збой на месцы», а сістэмная лінія. А народу, міжнароднай супольнасці Лукашэнка хлусіў пра нейтралітэт. Не, ён быў і застаецца на баку Расеі», – перакананы аўтар.

«Пуцінская Расея ловіць усё больш і больш душ… Менавіта гэтая хлусня прымусіла многіх узяць у рукі зброю на чужой зямлі. Хлусні не проста патрэбна, але жыццёва неабходна супрацьстаяць. Ёсць беларусы, якія абралі свой шлях і заступіліся за незалежную Украіну – таксама са зброяй у руках. Найлепшае, на мой погляд, натуральнае супрацьстаянне – праўда. Ёй служыць кніга Ігара Ільяша і Кацярыны Андрэевай «Беларускі Данбас», у якой аўтары цытуюць факты без павучанняў, а словы выкрыцця – без нянавісці». Так напісаў у сваёй прадмове да кнігі першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч.

Тры чвэрці беларусаў ваявалі супраць Украіны

«Беларускія баевікі ехалі на вайну самі і ў пераважнай бальшыні – на бок прарасейскіх фармаванняў. Чаму так? Усё проста: прарасейская ўлада, прарасейская прапаганда, прарасейскія тэлеканалы ў Беларусі робяць сваю справу: людзі жывуць у свеце расейскіх каштоўнасцяў. Некаторыя так і казалі, што паехалі ваяваць пасля прагляду рэпартажаў на тэлебачанні. Паводле нашых падлікаў, каля тысячы чалавек з беларускімі пашпартамі бралі ўдзел у данбаскім канфлікце і толькі чвэрць з іх – на баку Украіны. Мы мелі серыю сустрэч, запісалі дзясяткі інтэрвʼю з баевікамі ў розных гарадах па ўсёй Беларусі, у тым ліку і ў Менску, але ніякіх праблем з законам у гэтых людзей не было», – кажа Ігар.

Сакавік 2017 года. Удзельнік блакады Данбасу і праціўнік гандлю з ЛНР і ДНР. Фота: Jerome Sessini/Magnum Photos

Разам з намі па вуліцах ходзяць людзі, якія прызнаваліся ў забойствах дзясяткаў украінцаў

«Вельмі важна было дакапацца да праўды, закрытай для большасці людзей: мы ходзім па вуліцах беларускіх гарадоў і не ведаем, што побач з намі ідзе чалавек, які прызнаваўся ў дзясятках і нават сотнях забойстваў украінцаў, – далучаецца да размовы аўтарка кнігі Кацярына Андрэева. – Гэта ў той час, калі беларускія ўлады актыўна пераследуюць грамадскіх актывістаў, апазіцыйных лідараў, але не людзей, якія маюць баявы досвед, якія вяртаюцца з фронту і ўяўляюць небяспеку для любой дзяржавы. Ваенная авантура для некаторых з іх канчалася невялікімі тэрмінамі: трое атрымалі па два гады. І тое, гэта было ў час, зручны для афіцыйнага Менску, – каб зрабіць рэверанс Кіеву. А баевікі па сваім «сарафанным» радыё працягвалі перадавалі адно аднаму, што так, можна ехаць ваяваць, бо спецслужбы не кранаюць тых, хто ваюе на баку сепаратыстаў».

Мужчына глядзіць тэлевізар у горадзе Макаееўка на Данбасе. Лістапад 2018 года. Фота: Міхаіл Цярэшчанка / ТАСС / Forum

Мне казалі: «Ёсць шмат людзей, хто хацеў бы скруціць табе галаву»

«Мы сустракаліся з людзьмі, поглядаў якіх мы не падзялялі – гэта па-першае. А па-другое – і дэ-факта, і дэ-юрэ яны злачынцы», – кажа Ігар. «Але сказаць, што было страшна – не: наўпроставых пагроз падчас сустрэч ад баевікоў не сыходзіла, – працягвае Кацярына, – пагрозы былі пазней. Узімку 2019 года адзін з гэтых суразмоўцаў мне патэлефанаваў і кажа: тут ёсць шмат людзей, хто хацеў бы скруціць табе галаву. Ад чалавека з баявым досведам я ўспрыняла гэта як пагрозу свайму жыццю і напісала заяву ў міліцыю. Але атрымала адказ, што міліцыя не можа выявіць, дзе знаходзіцца чалавек, які мне пагражаў, хоць ён тэлефанаваў з беларускага нумара і быў у Беларусі. Прычым многія з гэтых баевікоў маюць выразныя прарасейскія настроі і крытычна выказваюцца пра дзейную беларускую ўладу. І калі ўлады кажуць пра нейкіх расейскіх лялькаводаў для беларускіх палітыкаў, то зусім нічога не хочуць бачаць пад сваім носам».

Фота: Valery Sharifulin/TASS

Мы хацелі, каб чытачу было страшна

«Натуральна, што галоўны мэсідж кнігі – антываенны, – працягвае Кацярына. – На прыкладзе гэтых людзей мы паказваем, што можа здарыцца з чалавечым лёсам, калі краіны-агрэсары – у гэтым выпадку Расея – уцягваюць суседнія краіны і народы ў свае палітычныя авантуры. І таксама спадзяемся, што тым, хто яшчэ сумняецца ў легітымнасці дзеянняў Расеі на Данбасе, нашае даследаванне дасць зразумець, што там адбываецца насамрэч. Бацька сямейства бярэ зброю і ідзе забіваць такога ж бацьку, а пасля са смехам пра гэта расказвае… Мы хацелі, каб чытачу было страшна на гэтых момантах: каб гэты страх ад забойстваў ратаваў ад злачынства іншых людзей».

Баявік «Расейскай праваслаўнай арміі» на ўкраінскім Данбасе. Фота: https://colonelcassad.livejournal.com

Выдаць «Беларускі Данбас» у Беларусі немагчыма

«Пабачыць свет выданню дапамагла Украінская рэдакцыя радыё «Свабода» і харкаўскае выдавецтва «Folio». Зараз «Беларускі Данбас» даступны чытачам у электронным фармаце, плануецца таксама і друкаванае выданне. Аднак аўтары не абяцаюць, што кніга з’явіцца ў Беларусі бліжэйшым часам: надрукаваць выданне, у якім мы наўпрост кажам пра сумнеўныя камбінацыі ўладаў, у тым ліку гандаль з сепаратыстамі на Данбасе, пра бяздзеянне беларускіх спецслужбаў, у Беларусі немагчыма».

Размаўляла Галіна Абакунчык belsat.eu

Hавiны