Беларуская кава і сыр пармезан: што беларусы вязуць у Казахстан

Выстава тавараў беларускіх вытворцаў «Made in Belarus» скончылася на мінулым тыдні ў Алматы.

Сярод паўпустых стэндаў заўважна вылучаецца і колькасцю людзей, і колькасцю тавараў стэнд беларускай касметыкі ад «Беліта-Вітекс». Каля стэнду доўгі час дзяўчына вядзе наўпроставую трансляцыю, расказваючы сваім падпісчыкам пра беларускую касметыку. Яе, дарэчы, і без таго можна лёгка знайсці шмат у якіх буйных крамах Алматы.

Крафтавая кава

«Я быў у вас у Менску, мы набылі ў супермаркеце гэтыя таблеткі ў офіс, і ўсе былі ў захапленні», – падыходзяць два мужчыны да стэнду з каваю «Sorso». Вытворцы імпартуюць каву з Уганды, Гватэмалы ды іншых краінаў, абсмажваюць паводле свайго рэцэпту і прадаюць. Пазалетась кампанія абвесціла, што выходзіць на ICO (выпуск сваёй крыптавалюты, або токенаў і продаж яе інвестарам). Таксама пад гандлёваю маркай «Sorso» ў Менску дзеюць некалькі кавярняў, а летась фірма пачала вырабляць каву ў форме таблетак.

«Мы змаглі захаваць смак і водар натуральнай молатай кавы ў малой порцыі без вакуумацыі», – тлумачыць адзін з заснавальнікаў фірмы Алег Сенакосаў.

Цяпер такія таблеткі прадаюцца ў беларускіх супермаркетах, вытворцы кавы ўжо паспелі дамовіцца аб экспарце свайго новага прадукту ў Грузію, Расею, ЗША і Канаду. Цяпер на чарзе Казахстан.

Патэнцыял для супрацы

Большасць стэндаў іншых беларускіх прадпрыемстваў пуставала: адзінока ляжаў сыр пармезан і каўбасы за шклом. Але шмат хто спадзяецца знайсці тут партнёраў і наладзіць экспарт.

«Мы даўно супрацоўнічаем з Казахстанам, але з пераменным поспехам, нядаўна ў нашага партнёра здарыўся фінансавы крызіс і цяпер мы шукаем новага», – расказаў прадстаўнік Слуцкага мясакамбінату Аляксандр Кававін.

Фота belsat.eu

Казахстан не ўваходзіць у топ-5 ключавых партнёраў Беларусі ў экспарце: у 2017 годзе толькі 2 % агульнага аб’ёму ўсяго экспарту прыпадала на Казахстан. Але пры гэтым у гэтай краіне працуе шмат прадстаўніцтваў беларускіх прадпрыемстваў і функцыянуе 8 супольных зборачных вытворчасцяў (БелАЗ, МТЗ, «Гомсельмаш» ды інш.). У гандлёвых цэнтрах можна сустрэць фірмовыя крамы «Mark Formel» і «Мілавіцы», дастаткова шмат беларускай касметыкі. Беларусь актыўна экспартуе ў Казахстан таксама мэблю, апоны, лядоўні, малочныя харчы.

Фота belsat.eu

У Казахстане слаба развітая вытворчасць грузавых аўтамабіляў і трактароў. Беларускі выраб апошніх у 30 разоў большы за казахстанскі. Прычым плошча сельскагаспадарчых земляў у гэтай краіне большая за 100 млн га (у Беларусі – 8,5 млн га).

Фота belsat.eu

Аднак, на думку эканаміста Леаніда Заікі, чакаць, што экспарт беларускіх тавараў у Казахстан павялічыцца, не варта:

«Казахстан перабывае пад уплывам Кітаю, а мы проста не вытрымаем канкурэнцыі з таннымі кітайскімі таварамі. І агулам кірмашы і выставы адбываюцца для справаздачнасці, для таго, каб надзьмуць шчокі ды зрабіць выгляд, што нешта адбываецца».

Казахстан і Расея – адзіныя краіны, дзе беларускі экспарт мясных прадуктаў вымерваецца тысячамі тонаў. Але Расея ўсё яшчэ застаецца ключавым гандлёвым партнёрам: пазалетась 44 % усяго абʼёму экспарту накіроўвалася ў РФ.

НР, фота аўтаркі belsat.eu

Hавiны