Беларуская дэлегацыя ў Камітэце правоў чалавека: Справа БелТА – банальнае хакерства, інтэрнэт стварае тэрарыстаў

Сталы прадстаўнік Беларусі ў Жэневе Юрый Амбразевіч разам з калегамі з Міністэрства інфармацыі, Генеральнай пракуратуры і МЗС падаў справаздачу аб выкананні Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах – упершыню за апошнія 20 гадоў.

Справа БелТА

8-9 кастрычніка на 124-й сесіі Камітэту ААН па правах чалавека (КПЧ) Беларусь упершыню за апошнія 20 гадоў прадставіла справаздачу аб выкананні Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Прадстаўніца беларускай дэлегацыі, якая прэзентавала сітуацыю вакол пераследу журналістаў за карыстанне падпіскай БелТА, назвала справу «банальным хакерствам». Агучваючы афіцыйную пазіцыю ўладаў, чыноўніца заявіла, што ўсе працэдуры органаў рэгламентаваныя.

«Мы ўжываем прэвентыўныя меры да грамадзянаў, якія парушаюць закон. У гэтыя меры залічваюцца прафілактычныя мерапрыемствы. Мы не канфіскоўваем маёмасць і не ўтрымліваем за кратамі… Нашыя органы маюць права затрымліваць у кожнай сітуацыі. Ёсць права на абарону сваіх інтарэсаў. Пракурор правярае законнасць санкцый на арышт».

Міністэрства інфармацыі пра папраўкі ў Закон аб СМІ

Прадстаўніца ведамства заявіла, што перад увядзеннем паправак быў вывучаны досвед іншых краінаў у рэгуляванні інтэрнэту. Яна назвала інтэрнэт «інструментам вайны і маніпуляцыі».

Агульны пасыл прамовы – новаўвядзенне скіраванае на абарону грамадзянаў, для чаго пашырылі спіс забароненай інфармацыі (у тым пра ўжыванне наркотыкаў, прапаганду парнаграфіі, самагубства і гд.).

«У інтэрнэце робяць шмат спробаў размыць менталітэт, распальваць варожасць, фармаваць радыкальны патэнцыял, таму для забеспячэння нацыянальнай бяспекі і аховы грамадзянскіх правоў быў распрацаваны праект унясення паправак у Закон аб СМІ, які набудзе моц 21 снежня».

МЗС пра акрэдытацыю замежных журналістаў

Паводле прадстаўнікоў МЗС, працэс акрэдытацыі ў Беларусі «даволі празрысты і менш жорсткі», чым у іншых краінах. Больш за тое ведамства «гатовае максімальна ліберальна падыходзіць да акрэдытацыі замежных журналістаў».

«Усё, што трэба – зварот ад СМІ з указаннем задання рэдакцыі, анкета-заява і фатаграфія. Такую часовую акрэдытацыю можна атрымліваць да шасці разоў на год на два месяцы. А гэта – цэлы год».

Цяпер у Беларусі на пастаяннай акрэдытацыі працуе больш за 250 замежных журналістаў.

Паводле прадстаўніцы МЗС, у 2016 годзе «толькі» два журналісты атрымалі адмову. Прычына – у няпоўным пакеце дакументаў. У 2017 годзе адмоваў не было. Сёлета – тры адмовы, у тым ліку двум расейскім журналістам і аднаму польскаму – за працу без акрэдытацыі.

«Белсат» чатыры разы спрабаваў атрымаць акрэдытацыю ў Беларусі. Апошні раз – у 2016 годзе, калі канал падаваў заяўку на акрэдытацыю не карпункта, як рабілі раней, але асобных карэспандэнтаў і аператараў. Дакументы былі аформленыя згодна з патрабаваннямі, аднак МЗС адмовіў у чацвёрты раз. Прычынай было «замкнёнае кола»: паводле МЗС, нашыя супрацоўнікі ўжо парушалі заканадаўства РБ, працуючы для «Белсату» без санкцыі МЗС.

Прадстаўнікі Камітэту ААН, праслухаўшы даклад, адзначылі «несумненны прагрэс» у паводзінах уладаў Беларусі.

«Але нашая задача праверыць, ці змены ідуць у патрэбным кірунку. Спадзяемся вы прыйдзеце да нас хутчэй, чым праз 20 гадоў».

МЗС зноў ухіліўся ад адказу на пытанне, чаму «Белсату» не даюць акрэдытацыю

ДР belsat.eu

Hавiны