Беларуская чыгунка зоймецца адловам «зайцаў»


19 кастрычніка чыгуначнікі ў Беларусі абвесцілі аб правядзенні акцыі «Стоп-заяц!» Дэклараваная мэта акцыі – павышэнне культуры праезду пасажыраў у цягніках.

Ініцыятарам мерапрыемства, як паведамляе сайт чыгункі з’яўляецца «БРСМ» беларускай магістралі. Падчас акцыі прадстаўнікі чыгункі будуць правяраць наяўнасць білетаў у пасажыраў пры пасадцы або высадцы з цягнікоў. Таксама ўдзельнікі акцыі раздадуць пасажырам тэматычныя памяткі. Кантраляваць аплату за праезд будуць і супрацоўнікі міліцыі.

Агулам з пачатку году кантралёры правялі 41 513 праверак, што на 271 праверку больш, чым за аналагічны перыяд мінулага году. Асноўная ўвага надавалася цягнікам гарадскіх лініяў і рэгіянальных лініяў эканомкласу, на долю якіх прыйшлося 96% ад агульнай колькасці праведзеных праверак.

За 9 месяцаў бягучага году да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 6633 безбілетных пасажыра, з іх 5662 заплацілі штраф на месцы. Спагнаная сума штрафаў склала 138,4 тысячаў рублёў.

Беларуская чыгунка нагадвае, што цяпер штраф за безбілетны праезд у цягніках гарадскіх лініяў складае ад 0,5 да 1 базавай велічыні. Акрамя таго прадугледжаны штраф у памеры 0,2 базавай велічыні за неаплачаны правоз ручной паклажы.

Штраф за безбілетны праезд пасажыраў у цягніках рэгіянальных лініяў складае 0,7 базавай велічыні, у міжрэгіянальных і міжнародных лініях – 1 базавую велічыню.

СК, belsat.eu

Стужка навінаў