Беларуская алімпійская чэмпіёнка Кацярына Карстэн завершыла кар'еру


Удзельніца сямі Алімпіяд, беларуская вяслярка Кацярына Карстэн завершыла карʼеру ва ўзросце 47 гадоў. Пра гэта спартоўка паведаміла ў чацвер падчас прэс-канферэнцыі ў Нацыянальным алімпійскім камітэце.

Сярод прычынаў завяршэння карʼеры – траўма, распавяла Карстэн TUT.by

«Я рыхтавалася да сваёй восьмай Алімпіяды. Але напярэдадні чэмпіянату свету здарылася траўма – зламанае дзясятае рабро. У мяне ўжо была такая траўма перад Лонданам. Рабро гоіцца доўга, патрэбна доўгая рэабілітацыя, а гады ідуць. Вымушана была прапусціць чэмпіянат свету-2019 у Аўстрыі, на якім у дадзены момант разыгрываюцца ліцэнзіі на Гульні ў Токіа. Таму вырашыла не чакаць і завяршыць карʼеру зараз», – сказала Кацярына.

Карстэн дадала, што пасля завяршэння карʼеры плануе жыць у Беларусі адна. Пры гэтым працаваць трэнерам яна не збіраецца. Муж Кацярыны, нямецкі бізнесовец Вільфрыд Карстэн, пакутуе на захворванне лёгкіх, таму застанецца ў Нямеччыне.

Кацярына Карстэн двойчы брала алімпійскае золата – у Атланце ў 1996-м годзе і ў Сіднэі ў 2000-м, дзве алімпійскія бронзы Барселоны-1992 і Пекіну-2008, а таксама серабро Афін-2004. Карстэн зʼяўляецца шасціразовай чэмпіёнкай свету і шматразовай пераможцай этапаў Кубка свету.

Таксама ў жніўні абвясціла пра свой сыход з вялікага спорту плаўчыха Аляксандра Герасіменя. Яна збіраецца прысвяціць свой час сям’і і дабрачынным праектам.

КА belsat.eu

Стужка навінаў