Беларускамоўная паэтка з Іспаніі Анхела: Я б не спала з чалавекам толькі таму, што ён ведае мову клінгон


Анхела Эспіноса – іспанка, якая выдатна валодае беларускай мовай, піша на ёй вершы і нават атрымлівае літаратурныя ўзнагароды ў Беларусі. Літаратарка, журналістка «Белсату» Валярына Кустава паразмаўляла з Анхелай пра літаратуру, мужчын і як хутка вывучыць іншую мову. Гэта і шмат іншага – у нашым вялікім інтэрв’ю.

– Не так даўно ты стала лаўрэаткай прэстыжнай беларускай літаратурнай прэміі імя Міхася Стральцова. Многія беларускія пісьменнікі імкнуцца да гэтага. Як так сталася, што ты, іспанка, атрымала яе? Хто намінаваў і за што?

– Я сама ў шоку, але не таму, што я іспанка (гэта не павінна мець значэнне, калі чалавек удзельнічае ў літаратурным працэсе пэўнай краіны ці мовы), а таму, што я не лічыла свой унёсак у беларускую літаратуру вартым такой узнагароды. З таго, што я ведаю, ідэя намінаваць мяне зʼявілася ў Міхася Скоблы, а рашэнне было аднагалосным.

Злева – Стральцоўскі фэст 2016 году. Аўтарка фота: Віка Трэнас. Справа – у «Арт-Сядзібе» на праекце «Беларускамоўныя». Аўтар фота: Алег Грушэцкі

На дыпломе ёсць фармулёўка: «За пачуццёвае і метафарычнае багацце паэтычнай мовы і адважнае імкненне асэнсаваць таемнасць беларускага быцця». Не ведаю, якія фактары паўплывалі на рашэнне. Некаторыя, не дужа дабра зычлівыя людзі кажуць, што я проста прапіяраная беларускамоўная замежніца, а літаратурнага таленту няма. Іншыя кажуць, што ў мяне добрыя творы, якія значна развіваюць літаратурны працэс. Мне самой цяжка ацаніць.

Прэмія імя Міхася Стральцова… Калі раней мела права вагацца, то цяпер няма ніякіх апраўданняў: нельга кінуць працаваць, выпускаць няякасныя творы, нельга прымаць пустую крытыку і перабольшаную пахвалу блізка да сэрца. Уладзімір Някляеў сказаў жа на цырымоніі ўзнагароджання: гэта прэмія для рыцараў беларускай літаратуры!

Злева – на кніжным кірмашы ў Вал’екасе (Мадрыд). Анхела трымае ў руках зборнік перакладаў Максіма Багдановіча. Аўтарка фота: Вера Кухарава (уладарка выдавецтва). Справа – на прэзентацыі тых жа перакладаў Багдановіча ў Мадрыдзе. Аўтарка фота: Трынідад Руіс (мама)

– Ты лічыш сябе беларускай ці іспанскай паэткай?

– Мабыць, першы варыянт. Я публікую свае творы ў беларускіх выданнях, выступаю на беларускіх фестывалях і, галоўнае, свядома выбрала беларускую мову як мову творчасці. Я магістр беларускай філалогіі, добра ведаю гісторыю беларускай літаратуры. Мастацкіх уплываў многа, а сэрца прагне беларускага Слова, хай і банальна.

Аб’ектыў
Беларускай паэткай году стала іспанка
2019.02.16 21:35

– Кажуць, што мову лепей за ўсё вучыць у ложку з наців-спікерам ці за кубачкам віна. Ці табе блізкае такое сцверджанне?

– Калі б я такім чынам вывучала мовы, у мяне не было б часу на іншыя хобі. Не, я вывучаю мовы за сталом – нудотным, традыцыйным спосабам. Кнігі, фільмы, серыялы, песні. Вядома, камунікацыя важная (у ложку таксама, як інакш!), яна дапамагае навуцы, развівае эмацыйную сувязь карыстальніка з моўнай сістэмай, але гэтага не дастаткова для філалагічнай карʼеры. Я люблю чытаць паэзію на розных мовах. І пісаць! Спроба знайсці «сваю» лірычную мову ў няроднай сістэме, эксперыменты з метафарамі, гукамі, стылем – гэта такі паскораны шлях да адчування мовы, якога складана дасягнуць інакш.

– Ці дапамагала табе каханне/закаханасць вучыць нашу мову?

– Калі каханне як крыніцу натхнення для беларускіх вершаў – так. А калі простая моўная практыка… Хутчэй не. Калі я пачала звязвацца, скажам так, з патэнцыйнымі партнёрамі ў Беларусі, я ўжо валодала мовай на адносна высокім узроўні. Пастаянныя размовы дапамагаюць удасканальваць мову, але аснова была ўжо раней.

Анхела чытае вершы на журфаку БДУ. Фота зробленае студэнткай для старонкі інстытуту. Фота прадстаўленае Анхелай

– Яшчэ пару гадоў у беларускім «Фэйсбуку» гучаў твой раман і расстанне з беларускім хлопцам Алесем. Гэта былі чыстыя пачуцці ці піяр на табе?

– Не шкадую, што яны былі: я шмат чаму навучылася, пазнаёміліся з файнымі людзьмі дзякуючы яму, але самі адносіны былі няўдалыя і, несумнеўна, ён піярыўся за мой кошт.

– Хіба, знойдуцца беларускія хлопцы – для якіх ты жаданая экзотыка? Ці ўсе бачаць перадусім асобу? Няма такой праблемы?

– Ёсць такая праблема! Скажу болей, яна адчуваецца нават тады, калі проста хочацца заводзіць сяброў: нямала хто бачыць мяне, як хоча бачыць. Імя не памятаюць, толькі акрэсленне «беларускамоўная іспанка»; альбо ўсё адно, як я пачуваюся, толькі хочуць пачуць песні ды вершы. Яшчэ людзі хочуць бачыць ува мне нейкі легендарны «іспанскі тэмперамент», якога насамрэч няма. Прынамсі, не ў мяне. Я – інтраверт і меланхолік, хоць і падвучаны да актыўнай камунікацыі.

Злева – перад вяселлем стрыечнай сястры. Аўтарка фота: Трынідад Руіс. Справа – сэлфі з дыпломам «Першацвету» на кніжнай выставе

Канкрэтна з каханнем праблема яшчэ больш сурʼёзная, бо да гэтага набору дадаюцца яшчэ стэрэатыпы пра «паўднёвую жарсць» у ложку, і нават пра так званыя лёгкія паводзіны. Я чалавек без комплексаў, але вельмі патрабавальная да партнёраў, і далёка не з кожным перасплю: патрэбная фізічная, інтэлектуальная, эмацыйная ўзаемная сімпатыя.

Нельга сказаць, што толькі пагаджуся «з тым адзіным» заняцца сексам, альбо пры вялікім каханні, але, напрыклад, поўны давер да чалавека абавязковы для мяне, як і ўпэўненасць (адносная, цалкам не бывае), што ён добры, і што не буду шкадаваць, што наблізілася да яго. Магу з сябрам пераспаць, калі ўпэўненая, што застанемся сябрамі, і люблю заставацца сябрамі з тымі, з кім былі блізкія адносіны.

– Ці ён быў адзіным тваім беларускім каханнем?

– Не, і нават не самае моцнае і не самае трагічнае. Насамрэч, я цяпер рыхтую празаічны твор пра даволі цікавую гісторыю, якая была з адным паэтам… Дзеля яго я ледзь не выйшла замуж і пераехала ў далёкі край. Былі «асабліва блізкія сяброўскія зносіны», кароткія раманы, спробы наладзіць паўнавартасныя адносіны з іншымі людзьмі, але не ўсе любяць публічнасць.

Я нейкі час хвалявалася, што ў мяне з каханнем не складваецца, а цяпер перастала хвалявацца. Не толькі таму, што ў мяне многа спраў у паэзіі і ў навуцы (дапісала дысертацыю, трэба абараніцца, шукаць працу…), а яшчэ таму, што асабістае жыццё няблага склалася: у мяне неверагодныя сябры і сям’я.

На адкрыцці сёлетняга Стральцоўскага фэста з Уладзімірам Някляевым, Аленай Стральцовай, Аксанай Спрынчан, Міхасём Скоблам і Барысам Пятровічам. Аўтар фота: Алег Грушэцкі

– Ці беларускамоўнасць ёсць для цябе крытэрам пры выбары хлопца?

– Мне не абавязкова, каб чалавек, які будзе побач са мной (калі такі будзе, што зусім не факт) размаўляў па-беларуску штодня, альбо нават карыстаўся беларускай мовай увогуле. Затое гэта плюс, калі чалавек можа хоць разумець (прынамсі, чытаць) па-беларуску: мне было б цяжка з чалавекам, які зусім нічога не разумее ў маіх вершах.

– Можаш параўнаць у плане сексуальнага тэмпераменту іспанскіх і беларускіх хлопцаў? Хто больш разняволены і ў чым менавіта?

– Так склалася гістарычна, што не магу параўнаць, бо няма досведу з іспанскімі хлопцамі.

У рэстаране каля Малагі. Аўтарка фота: Трынідад Руіс

– Якія самыя незвычайныя прапановы табе рабілі беларускія мужчыны?

– Былі прапановы рукі і сэрца (ад беларусаў – дзве), але я штораз адмаўлялася. Хто-ніхто прасіў у ложку размаўляць на розных мовах, хаця, падазраю, гэта даволі звычайная прапанова паліглоту. Была прапанова паехаць у іншую краіну займацца сексам, і чалавек у твар сказаў, што хоча пераспаць са мной, бо «ніколі не спаў не з беларускамоўнай». Нібыта я не беларускамоўная, бач! Адмовіла, бо не люблю, калі трактуюць мяне, як набор стэрэатыпаў, ці нейкі экзатычны прадмет без індывідуальнага характару. Секс люблю, але для мяне важная асабістая сувязь між людзьмі. Я б не спала з чалавекам толькі таму, што ён валодае мовай клінгон* ці мае цёмную скуру, а таму, што ёсць моцныя сяброўскія альбо любоўныя пачуцці, давер, узаемная цяга – карацей, таму што падабаецца сам чалавек. І хацела б, каб да мяне гэтаксама падыходзілі.

Справка
Клінгон – штучная мова, якая была распрацаваная Маркам Окрандам па загаду «Paramount Studios» для адной з іншапланетных рас у выдуманым сусвеце серыялу «Зорны шлях»

Гутарыла Валярына Кустава, адмыслова для belsat.eu

 

Стужка навінаў