Беларускага анархіста збіраюцца дэпартаваць з Украіны?


Экс-палітвязень, анархіст Аляксандр Францкевіч, які ўжо тры гады жыве ва Украіне, заяўляе пра ціск з боку СБУ і магчымасць дэпартацыі ў Беларусь. На радзіме яго таксама чакае магчымы пераслед праз грамадскую актыўнасць.

У 2011 годзе актывіста анархічнага руху з Наваполацку Аляксандра Францкевіча суд пакараў трыма гадамі зняволення паводле сукупнасці абвінавачванняў: у злосным хуліганстве, наўмысным пашкоджанні маёмасці і несанкцыянаваным доступе да камп’ютарнай інфармацыі. Раней ён і яшчэ чацвёра паплечнікаў былі затрыманыя па падазрэнні ў датычнасці да падпалу адміністратыўных будынкаў у Менску – амбасады Расеі і Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Праваабарончыя арганізацыі прызналі Францкевіча палітвязнем.

Адбыўшы пакаранне ў калоніі ўзмоцненага рэжыму ў Івацэвічах, актывіст выйшаў на волю ў верасні 2013-га і знаходзіўся пад прэвентыўным наглядам.

Як распавёў Францкевіч у каментары belsat.eu, у яго былі два адміністратыўныя парушэнні, бо ён працягнуў займацца актывізмам, удзельнічаць у пратэставых акцыях. У 2015 годзе Францкевіч з’ехаў у Кіеў.

«Увесь гэты час я знаходзіўся ва Украіне легальна: атрымаў від на жыхарства, працаваў, як і раней, праграмістам. Пры гэтым не належаў ні да якой арганізацыі, але, натуральна, падтрымліваў кантакт з мясцовымі левымі і экалагічнымі актывістамі», – кажа ён.

Францкевіч сцвярджае, што сёлета распачаўся ціск на ягоных паплечнікаў з боку СБУ. Анархістаў звязваюць з нападам на ветэрана АТО Дзмітрыя Вербіча, які ў складзе «Правага сектару» абараняў Данецкі аэрапорт. СБУ падазрае ў злачынстве групу асобаў, якія называюць сябе «антыфашыстамі».

Францкевіч мяркуе, што напад на Вербіча выкарыстоўваецца сілавікамі як пастава для пераследу анархістаў.

«Аператыўнікі СБУ пагражалі маёй знаёмай, падчас ператрусу сканфіскавалі ў яе мабільны тэлефон, ноўтбук, нават пашпарт забралі. Акрамя таго, прайшлі вобшукі ў эка-актывістаў у трох гарадах адначасова – Львоў, Дняпро і Кіеў. У іх таксама адабралі ўсю тэхніку», – распавядае Францкевіч.

Згодна з дакументамі, атрыманымі belsat.eu, 3 траўня 2018 году ўкраінскія праваахоўныя органы распачалі крымінальную справу паводле ч. 4 арт. 296 КК Украіны (хуліганства з выкарыстаннем зброі), ч. 2 арт. 187 (разбой у змове з групай асобаў), ч. 1 арт 263 (незаконнае захоўванне зброі і боепрыпасаў).

21 лістапада 2018 Падольскі суд Кіева ўхваліў хадайніцтва пракуратуры аб правядзенні вобшуку ў Крысціны N., знаёмай Францкевіча. Па выніках дасудовага расследавання, яна можа мець дачыненне да згаданых правапарушэнняў.

«Да яе прыйшлі 6 снежня, але гэта быў такі тыповы вобшук дзеля вобшуку, ёй не ўручылі афіцыйны дакумент з падазрэннем. У гэты ж дзень былі ператрусы ў Львове, у сябраў арганізацыі «Эка-платформа» і ў Дняпры. Мяне пакуль не знайшлі, але Крысціне казалі «А што, калі мы яго проста дэпартнём у Беларусь?».

«Я думаю, што такі ціск звязаны з запытам ад беларускіх сілавікоў, які маглі папрасіць украінцаў мяне выдаць. Тым больш, што раней мне неаднаразова перадавалі «прывітанне» ад КДБ», – гаворыць анархіст.

Belsat.eu накіраваў афіцыйны запыт у Службу бяспекі Украіны, каб даведацца, ці насамрэч Францкевічу пагражае дэпартацыя і ці з’яўляецца ён фігурантам якой-кольвек крымінальнай справы.

 

КА, belsat.eu

Стужка навінаў