Беларуска не можа выехаць з Саудаўскай Аравіі. Дыпламаты: «Можам пазычыць грошай»

Анастасія Бандарэнка не можа вярнуцца з Саудаўскай Аравіі. Месяц дзяўчына правяла ў гэтай краіне, а цяпер захрасла ў яе сталіцы – горадзе Эр-Рыяд.

16 сакавіка Анастасія спрабавала вылецець у Беларусь, але на дзень раней усе міжнародныя рэйсы ў краіне адмянілі. «Я засталася тут адна без родных і сяброў, мяне прытулілі знаёмыя – мусульманская сямʼя. Яны далі мне жытло і ежу, і нягледзячы на рэлігійныя і традыцыйныя адрозненні да мяне ставяцца вельмі добра», – распавядае Анастасія Бандарэнка.

Анастасія Бандарэнка

Паколькі ў Саудаўскай Аравіі няма беларускай амбасады, дзяўчына шукала дапамогі ў амбасадзе Расеі. Там ёй адказалі, што вывазам беларускіх грамадзянаў не займаюцца. Тады дзяўчына звярнулася ў амбасаду Беларусі ў Дубаі, у Абʼяднаных Арабскіх Эміратах.

Дыпламаты прапанавалі грошы ў пазыку

Дзяўчына адзначае, што на зваротны шлях мае каля трохсот долараў, але квіткі на самалёт каштуюць цяпер ад двух тысячаў. «Я наўрад ці змагу знайсці такія грошы і запыталася, чым мая краіна зможа мне дапамагчы, бо я жыву ў чужых людзей, у якіх у саміх развальваецца бізнес, і ўтрымліваць чужога чалавека для іх нязручна», – тлумачыць Анастасія.

На 1 фота мусульманскія паломнікі, у Вялікай мячэці ў святым горадзе Мекка, Саудаўская Аравія, 3 сакавіка 2020 г. На 2 фота Вялікая мячэць, якая практычна пустая для вернікаў, пасля таго, як улады Саудаўскай Аравіі прыпынілі пілігрымка ў Мекку з-за пандэміі каронавіруса. Фота: GANOO ESSA / Reuters / Forum

Паводле Анастасіі, яна размаўляла з працаўніком беларускай амбасады Антонам Пашковым. Той паведаміў, што дыпламаты не могуць дапамагчы праз адсутнасць бюджэту, і прапанаваў звязацца з ейнай сям’ёй, каб родныя перадалі ёй грошы.

«У мяне адна мама, і наўрад ці яна зможа дапамагчы мне матэрыяльна, бо яна працуе юрыстам, і ўсім вядома, якія заробкі ў Беларусі. Тады яны сказалі, што я або мая мама можам напісаць заяву на матэрыяльную дапамогу: мы пазычым вам грошы, вам вышлюць грошы, каб вы выбраліся, але гэтыя грошы давядзецца вяртаць», – пераказвае размову Анастасія.

«Вас што там, камянямі забіваюць?»

Размова з працаўніком амбасады праходзіла эмацыйна, згадвае Анастасія. Працаўнік амбасады зрабіў заўвагу за нервовы тон. І запытаўся, чаму яе палохае перабыванне ў мусульманскай краіне: «Вас што там, камянямі забіваюць ці вам пагражаюць, гвалцяць ці штосьці падобнае?»

З Індыі ды Шры-Ланкі будуць эвакуяваць грамадзянаў Беларусі

«Канечне, я нервова размаўляю, бо я на эмоцыях, мне проста страшна, я спрабую сябе абараніць. Я дзяўчына, я адна ў мусульманскай краіне. Я сказала пра мусульманскую краіну, ні ў якім разе не маючы на ўвазе, што да мяне кепска ставяцца, я выкарыстала гэтае слова, каб падкрэсліць, што тут іншыя традыцыі. І што ні кажы, гэтая краіна зусім нядаўна адкрылася для турызму. Ён запытаўся, навошта вы ўвогуле ехалі сюды, калі ведаеце, што такая сітуацыя ў свеце», – кажа суразмоўца «Белсату».

З’ехалі адпачываць за мяжу, а цяпер ломяцца ў дзверы пасольстваў нашых

Анастасія падкрэслівае, што выязджала з Беларусі месяц таму, калі сітуацыя яшчэ не была напружанай. Дзяўчыну крыўдзіць такое стаўленне амбасады да суайчыннікаў, бо яна кантактуе з іншымі турыстамі, якія засталіся ў іншых краінах, і ведае, што за імі адпраўляюць самалёты, высылаюць грошы і дапамагаюць з гатэлямі.

Пакуль Анастасія вымушана застацца ў гасцях, ад прапановы МЗС узяць пазыку яна адмовілася.

  • У Саудаўскай Аравіі 392 выпадкі заражэння каронавірусам. Мясцовыя ўлады прынялі рашэнне часова спыніць малітвы ў мячэцях па пятніцах.

ІД belsat.eu

Hавiны