Беларусі пагражаюць… беларускія тэлеканалы

Большасць беларусаў падтрымлівае пазіцыю Масквы адносна Крыму. А інфармацыйнай бяспецы краіны пагражаюць не расейскія, а беларускія тэлеканалы. Як такое магчыма і што з гэтым рабіць?

70 % беларусаў – за «Крымнаш»

Паводле даследаванняў сацыёлага, прафесара Андрэя Вардамацкага, падтрыманне расейскай лініі ў справе Крыму складае 70 %. У верасні 2015 г. кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні апублікаваў у Варшаве артыкул «Расейскія медыі – індэкс уздзеяння і сакрэты поспеху».

Каментуе старшыня Беларускай асацыяцыі журналістаў Андрэй Бастунец: «Па сацыялагічных даследаваннях больш за 60 % беларусаў пагадзіліся з расейскім мэсіджам: падзеі ў Крыме – гэта аднаўленне гістарычнае справядлівасці. Пры тым, што афіцыйная пазіцыя ўладаў Беларусі была іншая. Гэта паказала, што існуе сурезная небяспека для Беларусі ў інфармацыйнай галіне».

Менскія ўлады прызнаюць Крым расейскім дэ-факта, але не дэ-юрэ. Лукашэнка працягвае лавіраваць у гэтым пытанні.

Дзе карані праблемы?

Мікалай Статкевіч, экс-кандыдат на прэзідэнцтва Беларусі, у адказ на мае пытанні для праграмы «ПраСвет» тэлеканалу «Белсат» заявіў 5 сакавіка 2016 г.: «У тэлевізійным эфіры дамінуюць толькі расейскія тэлеканалы».

Аднак справа крыху больш складаная, чымся падаецца на першы погляд.

«Небяспека сыходзіць не столькі ад уласна расейскіх медыяў, колькі ад юрыдычна беларускіх. З дзевяці тэлеканалаў, якія ўваходзяць у абавязковы для распаўсюду ўсімі тэлеаператарамі пакет, 4 грунтуюцца на навінавых і публіцыстычных праграмах расейскай вытворчасці. У тым ліку і такія фармальна беларускія каналы, як НТВ-Беларусь, РТР-Беларусь, ОНТ», – кажа Андрэй Бастунец.

Менавіта гэтыя тры тэлеканалы моцна апярэджваюць у папулярнасці каналы Беларусь-1, 2 і г. д.

Першы – «НТВ-Беларусь» – тэлеканал Белтэлерадыёкампаніі. Другі – «РТР-Беларусь» – уласнасць беларускага тэлеканалу СТВ, а ОНТ – гэта асобны беларускі тэлеканал.

Патрэбныя змены ў сферы медыяў

Падчас Еўрамайдану і пасля яго беларускую інфармацыйную прастору запоўнілі расейскія прапагандысцкія матэрыялы.

Летам 2014 г. Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў (BISS) у межах праекту «Рэфорум» зарганізаваў Форум палітычнай апазіцыі і грамадзянскай супольнасці. Мэта – выбраць некалькі прыярытэтных сфераў, якія трэба рэфармаваць і запрапанаваць уладам гатовыя праекты рэформаў. Кіраўніком групы экспертаў па рэформе медыяў стаў юрыст Андрэй Бастунец: «Галоўнае, што непакоіла ўдзельнікаў паседжання, – гэта ўздзеянне расейскай прапаганды на грамадзянаў Беларусі».

Галоўная ўмова працы групы – рэформы мусяць быць здзейсненыя ўжо цяпер, то бок пры сённяшніх уладах.

«Сам праект, на маю думку, лагічны і прадуманы. Аднак наіўна было б спадзявацца, што цяперашнія ўлады адгукнуцца на істотныя прапановы, якія прыкметна пашыраюць свабоду медыяў у Беларусі. Тут усё ўпіраецца ў спецыфіку палітычнага рэжыму. Свабода медыяў, калі коратка, супярэчыць яго прыродзе», – мяркуе Аляксандр Класкоўскі, кіраўнік аналітычных праектаў інфармацыйнага агенцтва БелаПАН:

Пасля 10 месяцаў працы эксперты ў траўні 2015 г. прэзентавалі папярэднія вынікі ў Менску. Тут поўная версія прэзентацыі. Матэрыялы атрымалі ўлады.

«Улады звярталіся да нас з просьбаю перадаць вынік нашае працы, што і было зроблена, – кажа Андрэй Бастунец. – Пэўныя асобы прымалі і ўдзел у канферэнцыі, на якой мы прэзентоўвалі прамежкавы вынік нашае працы. Аднак арганізатары спадзяваліся на большую зацікаўленасць з боку ўлады».

Роўна праз год, у траўні 2016-га, намеснік кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Ігар Бузоўскі заявіў у інтэрвю тэлеканалу ОНТ, што «кантэнт Расейскай федэрацыі ў беларускіх медыях даходзіць да 65 %», а таксама ён дадаў, што «гэта нас не мусіць не насцярожваць з пункту гледзішча нацыянальнае культуры, інфармацыйнае бяспекі».

Паводле Андрэя Бастунца, словы І. Бузоўскага сведчаць, што сітуацыя да лепшага не змянілася. «Але тое, што гэтыя словы прагучалі, дае надзею, што пэўныя людзі ва ўладзе пачалі разумець небяспеку. А гэта было адною з мэтаў нашае працы – падштурхнуць улады да змены сітуацыі».

Дарожная мапа рэформаў

Падштурхнуць, то бок запрапанаваць гатовы рэцэпт мадэрнізацыі медыясферы. На чым жа палягае прапанова рэформы інфармацыйнае бяспекі. Галоўная фішка ў тым, што пачаць яе можна без лішняга шуму. Магчыма, нават, што змены ўжо пачаліся.

Эксперты стварылі дарожную мапу, якая складаецца з трох этапаў:

1-ы этап можна пачаць рэалізаваць без зменаў у заканадаўстве;

2-і – патрэбныя змены ў існыя законы;

3-і – пасля істотных зменаў у заканадаўстве Беларусі.

«Галоўным пытаннем было: як спалучыць рух да абароны нацыянальнай інфармацыйнай прасторы з захоўваннем свабоды меркавання. Гэта ж прадугледжвае абмежавальныя меры ды нормы, якіх і без таго хапае ў беларускім заканадаўстве. Мы абралі дастаткова парадаксальны падыход. Згодна з якім менавіта рух да адкрытасці беларускай інфармацыйнай прасторы ў спалучэнні з падтрыманнем нацыянальнае медыявытворчасці могуць забяспечыць інфармацыйную бяспеку Беларусі», – падкрэслівае Андрэй Бастунец.

Прапаноўваю прыглядзецца толькі да першага этапу як найбольш рэалістычнага ў рэалізацыі ды сканцэнтравацца на тэлебачанні, з якога пачалася размова. Вось самыя актуальныя з пункту гледзішча тэлежурналістыкі пункты.

1. Пераглядзець падыход да фармавання абавязковага агульнадаступнага пакету тэлепраграмаў і парадак уключэння тэлеканалаў у яго.

Гаворка пра тры беларуска-расейскія тэлеканалы, якія рэтранслююць расейскую прадукцыю. Гэта самае складанае пытанне.

Андрэй Бастунец мяркуе, што «трэба пазбавіць пазаконкурсных і незразумелых прэферэнцыяў тых, хто ёсць «рупарам» суседняе дзяржавы». Аднак без пратэстаў з боку гледачоў і Расеі на сёння немагчыма пазбавіць іх «неапраўданых прывілеяў».

2. Дапусціць у эфір тэлеканалы з еўрапейскіх дзяржаваў, якія сваім зместам маглі б ураўнаважыць уплыў расейскіх тэлепраграмаў

Гэты пункт просты ў рэалізацыі. Можна пачаць з допуску ў кабельныя сеткі і ў пакет інтэрактыўнага тэлебачання ZALA па адным тэлеканале з суседніх дзяржаваў – з Украіны і Польшчы. Скажам, адзін з дзяржаўных украінскіх тэлеканалаў і «Белсат». Крыўды ўладам ад гэтага не будзе, але яны атрымаюць моцны аргумент у размовах з Захадам.

3. Значна павялічыць долю праграмаў, якія выходзяць у эфір без папярэдняга запісу. Павялічыць інтэрактыўны складнік, зваротную сувязь.

Гэты працэс ужо адбываецца. «Адмашка была зверху на абмежаваны плюралізм у дзяржаўных медыях. Там узважваюць, каго запрашаць. Каб не самых вялікіх радыкалаў. Ужо тое, што ўлады стараюцца практыкаваць нейкія дыскусійныя жанры, кшталту ток-шоу, гэта ўжо падштурхоўвае шукаць апанентаў. Іначай не атрымаецца шоу, спрэчкі не будзе. – канстатуе Аляксандр Класкоўскі. – Я сам некалькі разоў браў удзел у праграме «Справа прынцыпу» Вадзіма Гігіна і я бачу там іншых прадстаўнікоў незалежнай экспертнай супольнасці».

4. Падтрымліваць развіццё беларускамоўнай інфармацыйнай трансляцыі. Арыентаваць тэлеканал Беларусь-4, які ствараюць на базе абласных тэлестудыяў на стварэнне ў рэгіёнах клімату супольнасці інтарэсаў лакальных і рэгіянальных грамадстваў ды пачуцця малой радзімы ўнутры Радзімы нацыянальнасцяў.

І гэты працэс ідзе. Абласныя навіны пачалі выходзіць у эфір па-беларуску пасля таго, як кіраўніком Белтэлерадыёкампаніі стаў Генадзь Давыдзька. Гэта адная з самых яскравых праяваў мяккае беларусізацыі.

Меней рэпрэсіяў і лепшы кантакт з уладамі

Акрамя гэтага, паводле Класкоўскага, палепшыліся агульныя ўмовы працы журналістаў. «Стала меней рэпрэсіяў. Гэта ўжо плюс. Калі вынесці за дужкі інцыдэнты з фрылансэрамі. Гэта адзін з момантаў, які заканадаўча не ўрэгуляваны. Я думаю, што ўлады ў пэўнай сітуацыі могуць тут пайсці на нейкія саступкі. Няма вялікага сэнсу пераследаваць таго ж Кастуся Жукоўскага. Раз за разам ляпіць яму штрафы. Гэта ўжо выглядае як кепскіанекдот», – падкрэслівае суразмоўца.

Журналіст адзначае таксама, што прэс-службы ведамстваў пачынаюць кантактаваць з незалежнаю прэсаю. Але тут яшчэ шмат працы. Я напісаў тры мэйлы – у Адміністрацыю прэзідэнта, Міністэрства інфармацыі ды ў Раду міністраў – з просьбаю пракаментаваць праект медыярэформы. Вядома ж, не атрымаў ніводнага адказу.

Рэформа на выраст

«Спадзяюся, усё ж мяняецца стаўленне асобных прадстаўнікоў улады да праблемы інфармацыйнае бяспекі – ва ўсялякім разе гэтую праблему пачалі асэнсоўваць. – Кажа Андрэй Бастунец. – Што дае шанец на яе развязанне ў будучым. Дзеля паслядоўнай рэформы медыясферы гэтага мала. Трэба мяняць заканадаўства. І галоўнае – трэба кардынальна змяніць погляды на месца Беларусі ў свеце і яе геапалітычны выбар».

На гэта ўлады сёння не гатовыя. Але, скажам, акрэдытаваць «Белсат» можна ўжо заўтра.

Аляксандр Класкоўскі: «Грукацца ў дзверы ўладаў трэба. Гэта не марны занятак. Па-першае, бо ўлады сёння хочуць нармалізаваць дачыненні з Захадам і гэта іх падштурхоўвае да нейкае гульні. Па-другое, улады заклапочаныя наступам гэтак званага «русского мира». А ў гэтых прапановах ёсць пункты, якія датычаць інфармацыйнае бяспекі і супрацьдзеяння расейскай прапагандзе. І па-трэцяе – гэта праца на перспектыву. Рэформа на выраст. Рана ці позна ў Беларусі пачнуцца грамадска-палітычныя перамены, і тады гэты напрацаваны пакет будзе гатоваю парадыгмаю, каб сапраўды рэфармаваць медыясферу».

Рыса пад працаю пакуль не падведзеная. Канчатковай прэзентацыі канцэпцыі не было. Але змены ў медыясферы ўжо адбываюцца.

Сяргей Пеляса, belsat.eu

Hавiны