Не паспела беларуска-кітайскае прадпрыемства адсправаздачыцца пра значныя поспехі на беларускім рынку летась (4-е месца ў топ-10, 3304 рэалізаваных аўто), як у сацыяльных сетках з’явіліся паведамленні, што «Беларусбанк» больш не выдае крэдыты на беларускія Geely.
Журналісты парталу abw.by патэлефанавалі да дылераў Geely, каб спраўдзіць інфармацыю, што з’явілася ў сацыяльных сетках. Там пацвердзілі: «Беларусбанк» сапраўды больш не выдае ільготныя крэдыты пад 1,9 % гадавых.
Апынулася, што дамова паміж «Беларусбанкам» і «БелДжы» дзейнічала да 31 студзеня 2019 года. А цяпер яе дзеянне спынілася, у сувязі з чым спынена і ільготнае крэдытаванне насельніцтва пры набыцці аўтамабіляў Geely. Ці будзе працягвацца дамова? Меркавана – так, але 100-адсоткавай гарантыі гэтага пакуль няма, ніякай інфармацыі пра тэрміны ўзнаўлення дамовы ў колл-цэнтры банку не далі.
СК, belsat.eu