Беларусаў з наркотыкамі злавілі ў Польшчы падчас каранціну. Іх чакае суд

Падкарпацкая паліцыя апублікавала здымак наркотыкаў, знойдзеных у беларускіх студэнтаў. Фота – policja.gov.pl

Чацвёра маладых людзей адправіліся ў падарожжа ў горы з марыхуанай і грыбамі. Іх аштрафавалі за парушэнне каранціну, а дваіх з іх чакае суд паводле антынаркатычнага артыкулу, падае польская паліцыя.

Супрацоўнікі крымінальнага аддзелу гораду Леска ўночы з суботы на нядзелю звярнулі ўвагу на прыпаркаванае ў вёсцы Букавец аўта з немясцовымі нумарамі.

У машыне было чацвёра студэнтаў з Беларусі – двое хлопцаў ва ўзросце 23 і 22 гады і дзве дзяўчыны ва ўзросце 22 і 20 гадоў.

Падчас праверкі іхных дакументаў паліцыянты адчулі пах наркотыкаў і зладзілі вобшук у салоне, падчас якога знайшлі пакецікі з марыхуанай і сушаныя галюцынагенныя грыбы.

Спачатку маладзёны тлумачылі афіцэрам, што згубіліся па дарозе з Перамышля ў Варшаву, але падчас допыту паліцыянты высветлілі, што беларусы былі ў запланаванай паездцы на Салінскае возера.

Адмыслова для паездкі яны набылі наркотыкі, якія ўжывалі пасля выезду з Варшавы.

За парушэнне дзейных правілаў студэнтаў аштрафавалі на 500 злотых. Хлопцаў таксама прыцягнуць да крымінальнай адказнасці за захоўванне і частаванне іншых наркотыкамі (санкцыі адпаведных артыкулаў у Польшчы прадугледжваюць пазбаўленне волі да трох гадоў).

Кіроўца дадаткова адкажа перад судом за кіраванне аўтам пад уздзеяннем наркотыкаў. Санкцыя гэтага артыкулу прадугледжвае да дзвюх гадоў пазбаўлення волі.

ДД belsat.eu

Hавiны