Беларусаў у Эміратах пазбавілі права голасу. Яны скардзяцца ў ЦВК


Грамадзянам Беларусі, якія жывуць у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, не далі магчымасці ўзяць удзел у галасаванні на прэзідэнцкіх выбарах. Пра гэта паведамілі ў беларускай амбасадзе ў Абу-Дабі.

Рашэннем ЦВК участкі для галасавання, створаныя за межамі Беларусі, прыпісаныя да Ленінскага раёну Менску. Але Ленінская раённая камісія сваім рашэннем ад 11 чэрвеня ААЭ не ўвайшлі ў пералік краін, у якіх будуць створаць участкі для галасавання. Таму «грамадзянам Рэспублікі Беларусь, якія жадаюць прыняць удзел у выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у 2020 годзе, рэкамендуецца загадзя паклапаціцца аб рэалізацыі свайго выбарчага права».

Яны могуць прыняць удзел у выбарах на тэрыторыі Беларусі або ў краінах, у якіх ўтвораныя ўчасткі для галасавання.

Беларусы звярнуліся ў ЦВК

У сувязі з гэтым беларусы, якія жывуць у Эміратах, звярнуліся з калектыўным зваротам у ЦВК з просьбай арганізаваць выбарчы ўчастак на тэрыторыі ААЭ. На іх думку адсутнасць участку ў краіне парушае артыкул 49 Выбарчага кодэксу.

«Прынятае рашэнне і падставы з’яўляюцца прамым парушэннем Канстытуцыйных правоў грамадзянаў Рэспублікі Беларусь. якія знаходзяцца на тэрыторыі ААЭ, і Выбарчага Заканадаўства Рэспублікі Беларусь», – гаворыцца ў звароце.

Падпісанты просяць пакараць вінаватых у адсутнасці выбарчага ўчастку ў краіне.

Беларусы з ААЭ таксама запісалі відэазварот, у якім выказалі падтрыманне тым грамадзянам краіны, якія дамагаюцца зменаў на Радзіме і па ўсім свеце.

«Ёсць такая надзея, ёсць такая вера, што ў гэтым годзе можа нешта памяняцца», – заявіў адзін з удзельнікаў відэазвароту.

Агулам паведамляецца, што ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах стала жыве каля 2500 грамадзянаў Беларусі.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў