Беларусь забараніла служэнне яшчэ аднаму польскаму святару


Інфармацыю пра забарону ў службе Паўла Кнурэка пацвердзіў біскуп Віцебскай дыяцэзіі Алег Буткевіч.

Пробашч каталіцкай парафіі Езуса Міласэрнага ў Віцебску ксёндз Павел Кнурэк, грамадзянін Польшчы, праслужыў у віцебскай катэдры крыху больш за год. У лістападзе 2018 году ён быў вымушаны выехаць з Беларусі, бо не атрымаў дазвол на далейшае служэнне ў Беларусі. Да прыезду ў Віцебск святар больш за 16 гадоў узначальваў парафію Св. Апостала Андрэя ў Лынтупах.

«Тады (у лістападзе – заўвага belsat.eu) я атрымаў інфармацыю ад Упаўнаважанага па справах рэлігіяў і нацыянальнасцяў Леаніда Гулякі, што ён гатовы перагледзець просьбу працягнуць тэрмін… Мы зрабілі гэта толькі пасля Новага года, але зноў прыйшла адмова без тлумачэнняў», – кажа біскуп Буткевіч.

Віцебскія парафіяне распачалі збор подпісаў пад зваротам да Леаніда Гулякі з просьбай перагледзець рашэнне і дазволіць яму працягнуць службу. Подпісы збіраюць тут.

У выпадку чарговай адмовы вернікі збіраюцца звяртацца ў Адміністрацыю Лукашэнкі.

Гэта другі выпадак адмовы ў служэнні польскага святара на тэрыторыі Беларусі за апошнія некалькі тыдняў. 15 студзеня касцельныя структуры ў Беларусі паведамілі, што дазвол на працяг служэння ў гэтай краіне не атрымаў святар, які працуе ў Салігорску, Сабеслаў Тамаля.

ДР/ЯБ belsat.eu

Стужка навінаў