Беларусь цалкам выплаціла Расеі запазычанасць за газ, якую яшчэ нядаўна не прызнавала


Беларусь выплаціла «Газпраму» запазычанасць за газ за 2016-2017 гг. у памеры 726,2 млн. USD. Адначасова віцэ-прэмʼер РФ Аркадзь Дварковіч заявіў, што Беларусь і Расея цалкам урэгулявалі ўсе праблемы і перайшлі да новага этапу супрацы па нафце і газу.

Пра гэта паведамляе прэс-служба «Газпрама» і расейскія СМІ.

Сёння ў Маскве прайшлі беларуска-расейскія нафтагазавыя перамовы. Па выніках іх Дзмітрый Мядзведзеў паведаміў, што бакі развязалі пытанне кошту газу і паставак нафты. Згодна дамоўленасцям, Беларусь у бліжэйшыя 7 гадоў будзе атрымліваць па 24 мільёны тонаў расейскае нафты штогод. Акрамя таго, бакі пачынаюць перамовы пра стварэнне да 2025-га года адзінага рынку газу. Узгоднены і кошт газу нашай краіне, які будуць пастаўляць сёлета, а таксама ў наступным годзе. Сёння канкрэтныя лічбы не агучваліся, але колькі дзён таму Аляксандр Лукашэнка абвесціў, што гэта будзе 130 долараў за тысячу кубаметраў блакітнага паліва.

Таксама бакі дамовіліся аб кампенсацыі кошту на газ для Беларусі за кошт рээкспарту нафты. На гэтым Менск у бягучым годзе атрымае дадаткова $ 500 млн. Кошт на газ для беларускага боку будзе фармавацца ў расейскіх рублях.

Нафтагазавы канфлікт паміж Масквой і Менскам цягнуўся з 2016 года. Беларусь лічыла несправядлівым кошт расейскага газу і таму плаціла менш, чым хацеў расейскі бок. Расея ў адказ на гэта скараціла абʼёмы паставак нафты ў Беларусь. Яшчэ 31 сакавіка беларускі ўрад адмаўляў наяўнасць запазычанасці за газ, а заяву расейскіх уладаў аб неабходнасці вярнуць грошы называў прапагандай.

3 красавіка пасля сустрэчы Аляксандра Лукашэнка і Уладзіміра Пуціна было абʼяўлена, што ўсе спрэчныя пытанні ў двухбаковых адносінах вырашаны.

Навіны пра канчатковае развязанне нафтагазавай спрэчкі прыйшлі на наступны ж дзень пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка падпісаў Мытны кодэкс Еўразійскага эканамічнага саюзу, хоць яшчэ тры месяцы таму сцвярджаў, што ў такім выглядзе Мытны кодэкс не той дакумент, якога чакала Беларусь.

ІІ/ДР, belsat.eu

Стужка навінаў