Беларусь створыць пункт кантролю расейскай нафты на трубаправодзе «Дружба»


На магістральным нафтаправодзе «Дружба» Беларусь мае намер стварыць пункт кантролю якасці нафты з РФ. Пра гэта паведаміў галоўны інжынер ААТ «Гомельтранснефть Дружба» Андрэй Вярыга, якога цытуе выданне «Нафтавая магістраль».

«Канцэрн «Белнафтахім» падтрымаў нашую прапанову пабудаваць на беларускім участку магістральнага нафтаправоду «Дружба» сістэмы вымярэння колькасці і паказнікаў якасці нафты. На працягу наступнага года будзе рэалізаваны першы этап праекту па ўсталяванні сістэмаў вымярэння на прыёме нафты з Расейскай Федэрацыі, гэта 106-ы км трасы нафтаправода «Унеча – Мазыр», – распавёў Андрэй Вярыга.

Захада накіравана на тое, каб кантраляваць якасць расейскай нафты да таго, як яна паступае на НПЗ. Такі крок абумоўлены скандалам вакол паставак няякаснай нафты з Расеі, што меў месца 19 красавіка сёлета. У гэты дзень дзяржаўны канцэрн «Белнафтахім» заявіў аб рэзкім пагаршэнні якасці нафты, што паступае па нафтаправодзе з Расеі.

21 красавіка канцэрн «Белнафтахім» прыняў рашэнне часова абмежаваць экспартныя пастаўкі нафтапрадуктаў. 22 красавіка Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод паведаміў, што расейская нафта кепскай якасці прывяла да выхаду са строю дарагога абсталявання. Канцэрн «Белнафтахім» агучваў, што страты складаюць каля 100 мільёнаў долараў.

Пры гэтым 26 снежня ў «Транснефть» заявілі, што усё яшчэ не атрымалі ад Менску афіцыйных прэтэнзіяў у сувязі з забруджанай нафтай, якая паступала праз нафтаправод «Дружба».

Hавiны
Расея пакуль не атрымала прэтэнзіяў ад Беларусі за брудную нафту
2019.12.26 06:34

 

СК belsat.eu

Стужка навінаў