Беларусь у стане «лёгкай псіхіятрычнай шызафрэніі»: лекар аб праблемах сучаснай псіхіятрыі


Разлады псіхікі вядомыя чалавецтву даўно, але стаўленне да хворых людзей мянялася. Ім спачувалі, іх ухвалялі, але часам і адкідалі. На лекцыі, зарганізаванай клубным домам «Адкрытая душа» ў Менску, беларуска-польскі псіхіятр Канстанцін Мінкевіч распавёў, як псіхіятрыя станавілася больш гуманная і якія цяпер пытанні ёсць у сістэме псіхалагічнай дапамогі ў Беларусі.

Як псіхіятрыя перайшла ад кайданкоў да Фрэйда

Першы крок да гуманізацыі псіхіятрыі зрабілі пры канцы XVIII стагоддзя ў Францыі, калі з пацыентаў псіхічных шпіталяў знялі кайданкі. Доўгі час псіхіятрыя мела выразную біялагічную скіраванасць.

На пачатку XX стагоддзя людзей лекавалі гэткімі метадамі, якія сучасны чалавек успрымаў бы як інквізіцыю: электрасутаржная тэрапія (ужываецца і цяпер, але для іншых мэтаў), інсулінатэрапія, лобатамія.

Публічны выступ псіхіятра-нарколага, псіхатэрапеўта Канстанціна Мінкевіча. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

Усё змянілася са з’яўленнем псіхааналізу, да людзей пачалі ставіцца з большаю ўвагай у параўнанні з традыцыйнаю псіхіятрыяй. У Заходняй Еўропе з’явілася супольнасць псіхіятраў, якія адстойвалі правы пацыентаў і прытрымліваліся антыпсіхіятрычнага падыходу – рух, які быў апазіцыяй тагачаснай псіхіятрыі. Напрыклад, антыпсіхіятры лічылі, што пацыенты не мусяць утрымлівацца ў шпіталях. Паводле Канстанціна Мінкевіча, антыпсіхіятрыя дапамагла вярнуць псіхіятрыю да правоў чалавека.

Наведнікі лекцыі Канстанціна Мінкевіча. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

«Асноўны падыход у Беларусі цяпер – забараніць»

У Савецкім Саюзе антыпсіхіятрыі не было, і сама псіхіятрыя разглядалася, хутчэй, як карны інструмент. У СССР лічылася, што ўсіх трэба лекаваць нейралептыкамі ды электрасутаражнаю тэрапіяй, а з пацыентамі не варта размаўляць.

– У 90-ыя, калі адкрылі межы, прынялі закон аб псіхіятрычнай дапамозе і правах грамадзянаў. Тады ж з’явіліся псіхіятры, якія больш гуманна працавалі з пацыентамі, – распавядае адмыслоўца.

Канстанцін сцвярджае, што Беларусь перабывае ў стане «лёгкай псіхіятрычнай шызафрэніі». На паперы мы маем шмат добрага, але далёка не ўсё адбываецца на практыцы. Асноўны падыход у Беларусі цяпер – забараніць.

Арганізатарка лекцыі Кацярына Гузоўская-Гора. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

– У нас ёсць закон аб правах пацыентаў ды вялікая колькасць добра падрыхтаваных псіхіятраў, якія за правы пацыентаў. Але ў той жа час у нас ёсць процьма пастановаў, якія абмяжоўваюць правы пацыентаў, – кажа доктар.

У першую чаргу гаворка ідзе аб псіхіятрычным уліку, праз які людзі з пэўнымі дыягназамі не могуць кіраваць машынай, маюць складанасці з працаўладкаваннем. Вялікаю праблемай застаюцца псіхіятрычныя інтэрнаты ды інстытут недзеяздольнасці, дзякуючы якому пацыенты псіхіятрычных дыспансераў жывуць у стане юрыдычнай смерці. Яны не могуць размяркоўваць свае грошы, працаваць, нават жаніцца або атрымліваць спадчыну.

Псіхіятр-нарколаг, псіхатэрапеўт Канстанцін Мінкевіч. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

Чаму «псіхам» патрэбныя нейкія правы?

Сярод іншых праблемаў: прымусовае лекаванне і шпіталізацыя. Паводле закону яны магчымыя толькі па рашэнні суда. Але насамрэч пацыентаў могуць прымусіць падпісаць адпаведныя паперы. Дакладнай статыстыкі такіх выпадкаў няма, але Канстанцін лічыць, што яны здараюцца досыць рэгулярна.

Наведнікі лекцыі Канстанціна Мінкевіча. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

– Чалавек можа жыць у невялічкім горадзе, дзе на ўвесь раён – адзін псіхіятр, які скончыў універсітэт у 1973 годзе, калі існаваў толькі дыспансерны ўлік… Дык гэты псіхіятр і ставіць усіх на ўлік паводле звычкі, – кажа Канстанцін.

Іншы выклік – неразуменне грамадства, чаму «псіхам» патрэбныя нейкія правы.

– У нас не разумеюць, чаму псіхі хочуць нейкія правы, чаму яны ўвогуле не ў клініцы? – зазначае адмыслоўца.

Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

Уплывае на сітуацыю і пасіўнасць саміх пацыентаў.

– Яны вельмі памяркоўна ставяцца да дыскрымінацыі. Нельга працаваць або кіраваць машынаю – ну што тут зробіш, бывае, – падкрэслівае псіхіятр.

Паводле звестак Міністэрства аховы здароўя, з 2010 да 2015 года колькасць пацыентаў з псіхічнымі разладамі, якія падпадаюць пад абавязковае дыспансернае назіранне, значна вырасла. Перадусім адмыслоўцы адзначаюць рост неўрозаў. Падрабязней са звесткамі можна пазнаёміцца тут.

Стужка навінаў